Афіцыйны сайт Бешанковiцкай грамадска-палiтычнай газеты
Зара
На главную Написать письмо Карта сайта

Пн. Вт. Ср. Чт. Пт. Сб. Вс.
Бешенковичи | Бешенковичский район | Погода в Бешенковичах | Новости Бешенковичей | Новости Бешенковичского района | Заря | Зара | Газета Бешенковичей
Бешенковичи
Главная  >>  газетные номера  >>  Проекты  >>  К 85-летию "Зары"
Проекты: 
"Зара" мая - жыццё маё..."
11.08.2017
Знаёмства з газетай – гэта як знаёмства з новым чалавекам. Які ён? Пра што думае, якіх прынцыпаў прытрымліваецца? Што лічыць важным у жыцці? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні шукала і я, калі прыйшла на працу ў бешанковіцкую раённую газету "Зара" ў чэрвені 2002 года. Менавіта тады мужа перавялі па службе ў мясцовы раённы ваенны камісарыят ваенным камісарам. Следам за ім у прыгожы гарпасёлак на маляўнічым беразе Заходняй Дзвіны пераехала і наша сям'я.

Рэдагаваў "Зару" тады Рыгор Дзмітрыевіч Галкоўскі. Мяне прызначылі адказным сакратаром. Тамара Паўлаўна Семчанка незадоўга да гэтага пайшла на заслужаны адпачынак. Яе пасаду мне і прапанавалі, улічваючы папярэдні вопыт работы ў Чашніцкай раённай газеце "Чырвоны прамень".

Калектыў творчых супрацоўнікаў у Бешанковічах у тыя гады складаўся толькі з мужчын. І я, маладая жанчына. Не схлушу, калі скажу, што часам было нялёгка давесці нейкі асабісты пункт погляду на тое ці іншае пытанне, але паступова мы знайшлі агульную мову і нават пасябравалі. Інакш і быць не магло: мы рабілі агульную справу, пеставалі адно дзіця пад назвай "Зара".

Не ведаю, як хто, а я газету заўсёды ўспрымала як жывую істоту, якая патрабавала да сябе штодзённай увагі, клопату і пяшчоты ад людзей, што планавалі, вярсталі, рэдагавалі кожны яе нумар. Так здарылася, што Рыгор Дзмітрыевіч заўчасна пайшоў з жыцця, пайшоў вельмі хутка. І мне дасталася спадчына ў выглядзе рэдактарскай пасады.

Пачатак двухтысячных гадоў быў нялёгкім для калектыву супрацоўнікаў рэдакцыі. З-за недахопу грашовых сродкаў затрымлівалася выплата заработнай платы, жадала быць лепшай і матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы. Напрыклад, выпуск газеты ўжо быў пераведзены на настольна-выдавецкі комплекс, нумары для друку перадаваліся ў Віцебскую абласную друкарню па каналах сувязі, а неабходны для гэтага камп'ютар не працаваў. Газету яшчэ на ўстройстве памяці даводзілася дастаўляць у абласны цэнтр на старэнькім аўтамабілі…

Але гэта толькі пад ляжачы камень вада не цячэ. Паступова вырашылі свае праблемы і мы. З дапамогай сваіх заснавальнікаў – раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, пры рэжыме строгай эканоміі бюджэтных і ўласных грашовых сродкаў набылі новыя выдавецкія комплексы, неабходную аргтэхніку, правялі лакальную сетку, сваімі сіламі абнавілі шпалеры на сценах, пафарбавалі вокны, дзверы, падлогу. На вокнах у кабінетах з'явіліся жалюзі, купілі лічбавыя фотаапараты, новенькі аўтамабіль "УАЗ". За ім мы з вадзіцелем Леанідам Мікалаевічам Семянідам ездзілі аж у Магілёў.

Творчыя супрацоўнікі – загадчык сельгасаддзела, а затым адказны сакратар Анатоль Вячаслававіч Крачкоўскі, загадчык аддзела пісьмаў Эдуард Мікалаевіч Земляны, фотакарэспандэнт Леанід Мікалаевіч Акулёнак, вадзіцель Віктар Віктаравіч Кавалёў, кур'еры-прыбіральшчыцы Галіна Анатольеўна Хмызава, Дзіяна Дзмітрыеўна Талсташова і іншыя члены нашага невялічкага калектыву не толькі выконвалі свае непасрэдныя службовыя абавязкі, але і па першай просьбе дапамагалі з добраўпарадкаваннем прылягаючай тэрыторыі (чаго толькі каштавала ўборка велізарных пнёў пад вокнамі рэдакцыі, дзе зараз растуць кветкі!), выязджалі ў сельгаспрадпрыемствы на дапамогу ва ўборцы ўраджаю, даглядалі адміністрацыйны будынак, бо такой рабочай адзінкі ў штатным раскладзе не было прадугледжана. Так што мужчыны ў рэдакцыі – гэта вунь як цудоўна!

Апрача газеты, наш калектыў выпускаў у эфір і праграму "Бешанковіцкае раённае радыёвяшчанне", якую вяла і рыхтавала Любоў Дзмітрыеўна Грыгаровіч. Пазней на яе месца была прызначана Анжэла Рыгораўна Людына, сёння яна ўжо выконвае абавязкі галоўнага рэдактара. А яшчэ пры Бешанковіцкай рэдакцыі з 2002 года дзейнічае свая друкарня. Калі газета стала выдавацца ў Віцебску, маленькі калектыў друкароў з шасці чалавек, што раней адносіўся да Чашніцкай узбуйненай друкарні, узяла пад сваё крыло "Зара". Так людзі на нейкі час захавалі свае рабочыя месцы, а раён не страціў рэдкую на той час вытворчасць. Дарэчы, такіх рэдакцый, дзе ў складзе адной установы дзейнічалі б газета, радыё і друкарня, у вобласці было не так ужо і многа. У 2012-м, напрыклад, усяго дзве. У нас і ў Лепелі.

Шматгранная дзейнасць установы патрабавала штодзённай увагі, поўнай аддачы не толькі ад мяне, як кіраўніка, але і кожнага супрацоўніка. Да майго прыходу на пасаду без дзяржаўнай рэгістрацыі выходзіла ў эфір праграма раённага радыёвяшчання, без ліцэнзіі ажыццяўлялася паліграфічная дзейнасць, па друкарні і рэдакцыі давялося практычна з нуля распрацоўваць неабходны пакет дакументаў. Дзякуй майстру Веры Сцяпанаўне Судак, якая мела спецыяльнасць паліграфіста, падказвала, дапамагала, а потым, калі ад высокага друку перайшлі на рызаграфічны, правялі мадэрнізацыю вытворчасці, а за ёй і вымушанае скарачэнне штатаў, сама асвоіла камп'ютар, стала за рызограф, каб выконваць заказы на выраб бланачнай і часопіснай прадукцыі.

Паліграфісты "Зары" ў складзе В. С. Судак, М. Д. Галкоўскага, Н. М. Мамойкі, К. І. Аксюты, Л. М. Карбоўскай, Г. Д. Аленікавай і тады, калі друкавалі "Зару", і пазней, калі выраблялі бланачную прадукцыю, працавалі годна, без зрываў, выконвалі ўвесь цыкл работ па размотцы, рэзцы паперы, друкаванні, з'яўляліся сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы. Ім не трэба было тлумачыць. Людзі цудоўна ведалі свае абавязкі, выконвалі іх як след.

Наш друкарскі ўчастак ва ўсе гады працаваў стабільна, з прыбыткам. Заказы паступалі ад юрыдычных і фізічных асоб не толькі з Бешанковіцкага, але і з Шумілінскага, Сенненскага і нават Лепельскага раёнаў.

Пазней на дапамогу Судак прыйшла моладзь. Друкарскай справе Вера Сцяпанаўна навучыла Вольгу Аскеру, Ксенію Мінёнак і не толькі іх.

Якой павінна быць раённая газета, калі вакол столькі іншых выданняў? Як захаваць і пашырыць чытацкую аўдыторыю? Гэтыя пытанні пастаянна хвалявалі наш калектыў. Захоўваючы лепшыя традыцыі "Зары", накопленыя вопытам папярэдніх пакаленняў бешанковіцкіх журналістаў, мы імкнуліся цікава і змястоўна падаваць інфармацыю з месцаў, асвятляць палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае і культурнае жыццё рэгіёна. У практыку работы ўвялі перспектыўнае і бягучае планаванне нумароў з улікам найважнейшых дзяржаўных праграм, грамадска-палітычных задач і мерапрыемстваў, штотыднёвыя планёркі, калектыўнае абмеркаванне выпускаў газеты.

Як роднаму і блізкаму чалавеку, з дня ў дзень мы выбіралі для газеты тэматыку, клапоціліся, каб "Зара" мела прывабны знешні выгляд, была цікавай як па змесце, так і па ўнутраным напаўненні. Нешта ўдавалася зрабіць добра, недзе, магчыма, атрымлівалася не зусім так, як таго хацелася б. Бо на ўсё ёсць свае прычыны. Але тое, што газету на Прыдзвінні любілі і любяць, бясспрэчна.

Каб павялічыць інфармацыйную насычанасць выдання, тэматычны і жанравы дыяпазон, яго аб'ём быў павялічаны спачатку да 10 палос у тыдзень, а з 2008 года – да 12. "Зара" набыла свой паўнавартасны сайт, яе сталі прадаваць у кіёсках "Белсаюздруку". У студзені 2009 года рашэннем раённага выканаўчага камітэта пятнічныя нумары газеты былі пераведзены на каляровы друк, што дазволіла палепшыць таксама якасць афармлення, дызайну і паліграфічнага выканання раёнкі, яе эстэтычны выгляд. Над гэтай няпростай задачай вынікова працавалі аператары электроннага набору і вёрсткі Вольга Сяргееўна Вілюга, Наталля Іванаўна Іўчанка, Наталля Міхайлаўна Берасцень. За парадкам у бухгалтарскай дакументацыі ўсе гэтыя гады сачыла Таццяна Васільеўна Шчука. Як вынік, тыраж газеты перавышаў 2600 экземпляраў, а доля "Зары" ў агульным аб'ёме падпіскі па раёне складала амаль 18%.

Намаганні калектыву не заставаліся незаўважанымі. У тым ліку і неаднаразовыя ўдзелы бешанковіцкіх журналістаў у абласных творчых конкурсах, дзе мы не раз перамагалі ў спаборніцтвах па асвятленні пытанняў прававой, экалагічнай тэматыкі. У 2007 годзе калектыў газеты за высокі прафесійны ўзровень, аб'ектыўнае і ўсебаковае асвятленне падзей грамадска-палітычнага, сацыяльна-эканамічнага жыцця Бешанковіцкага раёна быў узнагароджаны Ганаровай граматай Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта. Узнагароджваліся разнастайнымі граматамі, падзякамі і дыпломамі таксама не раз кіраўніцтва, работнікі, ветэраны рэдакцыі.

Вопыт і маладосць павінны ісці побач. Так было заўсёды. Сёння ўжо і не падлічыць, колькі людзей на працягу васьмі дзесяцігоддзяў працавала ў "Зары". Спецыялістаў, якія стваралі газету, рабілі ўсё для таго, каб бешанкавічане маглі рэгулярна даведвацца аб свежых навінах з жыцця раёна, быць у курсе ўсіх падзей, што адбываюцца на Прыдзвінні. Мне пашчасціла ведаць былога рэдактара "Зары" Уладзіміра Арцёмавіча Ганковіча, ён быў у нас частым госцем, карэктара Віктара Піліпавіча Семяніду, што аддаў журналістыцы ў "Зары" 31 год свайго жыцця. Пазнаёміцца з рэдактарам Міхаілам Несцеравічам Прыгожым, былым адказным сакратаром – намеснікам галоўнага рэдактара Тамарай Паўлаўнай Семчанка, яна адпрацавала ў раёнцы амаль чатыры дзесяцігоддзі. Таленавітыя, разумныя, самадастатковыя людзі. Частка іх душы таксама ёсць на старонках архіўных падшывак газеты, а прыдзвінцы старэйшага пакалення па-ранейшаму звязваюць іх прозвішчы з "Зарой".

Дзейнасць рэдакцыйнага калектыву ніколі не абмяжоўвалася рамкамі рабочага дня. Мы жылі газетай, тады як чытачы бачылі толькі канчатковы прадукт нашай працы – яе чарговы нумар. У час шматлікіх святаў, юбілеяў, мерапрыемстваў, арганізаваных па лініі прафсаюзнага камітэта ці творчага саюза журналістаў, ветэранаў Зою Францаўну Петрушэўскую, Еўдакію Захараўну Казак, Лідзію Іванаўну Берасцень і іншых заўсёды ўспаміналі добрым словам, дасылалі ім па святах паштоўкі і віншаванні, пры магчымасці ўручалі падарункі.

Нямала часу забірала і праца з маладымі спецыялістамі. За больш як дзесяцігоддзе маёй рэдактарскай дзейнасці свае першыя крокі на журналісцкай ніве ў "Зары" зрабілі Анжэла Людына, Святлана Варошка, Алена Шыёнак (цяпер Марозава), Юлія Дубро, Марына Белавус (цяпер Пясецкая), Павел Чуйко, Марыя Усава. Амаль усе яны засталіся ў прафесіі. Юля, напрыклад, працуе на тэлебачанні, Марыя – у абласной газеце, Павел, а ён прыйшоў у газету літаральна са школьнай парты, стаў фотакарэспандэнтам. Астатнія дзяўчаты па-ранейшаму працуюць на сваёй малой радзіме: Анжэла, Святлана, Алена – у газеце, Марына – у райвыканкаме.

Дарэчы, выпускнікі Бешанковіцкага раёна амаль штогод выбіралі прафесіі, звязаныя з журналісцкай, выдавецкай справай. Гэта ў тым ліку і плён той актыўнай прафарыентацыйнай работы, якая вялася са школьнікамі. Творчыя рэкамендацыі атрымлівалі лепшыя з лепшых юных карэспандэнтаў: Міхаіл Маціеўскі, Вікторыя Апанасёнак, Кацярына Керэмша і іншыя.

Так, газета не жыве адным днём. Змястоўныя цікавыя матэрыялы помняцца, як і незлічоныя цікавыя сустрэчы, архівы захоўваюць нумары рознага часу. А што важней за ўсё – памяць людзей. Дзякуй за яе бешанкавічанам, вашу ўвагу і павагу асабіста я адчуваю пастаянна, пры кожнай нашай сустрэчы.

Шчыра віншую "Зару", яе сённяшніх і ўчарашніх працаўнікоў, пазаштатных аўтараў, усіх чытачоў з пачэсным 85-гадовым юбілеем з дня выхаду ў свет першага нумара нашай раёнкі! Даўгалецця вам, маладосці душы, удзячных чытачоў газеце і толькі добрых навін! Поспехаў, мудрасці і квітнення!

Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ, галоўны рэдактар "Зары ў 2003-2013 гг.

(На здымку: калектыў "Зары" сёння. Фота Алены Алімавай. "Віцебскія весці").

Добавить комментарий:
Автор*
E-mail*
Комментарий*
 
Введите цифры*
Поля отмеченные * обязательны для заполнения
  18.08.2017
Вас выслушают и в субботу
Заўтра, 19 жніўня, "прамую лінію" з жыхарамі раёна правядзе кіраўнік спраў райвыканкама Сяргей Аляксандравіч Рэўцкі.

  17.08.2017
"Августовские Спасы"
У суботу, 19 жніўня, у аграгарадку Бачэйкава на плошчы каля сельвыканкама адбудзецца фестываль духоўнай творчасці і культуры "Жнівеньскія Спасы". Праграма свята насычана мерапрыемствамі.

  16.08.2017
Обращайтесь, вас выслушают
В пятницу, 18 августа 2017 года, ”прямую телефонную линию“ с жителями области проведёт начальник управления образования Витебского облисполкома Дмитрий Леонидович Хома.

 Бешенковичи  
Курсы вылют
Курсы валют. http://www.priorbank.by

   Новости страны

©БЕЛТА
© Зара, 2010 -- 2014
Разработка и поддержка сайта БЕЛТА

Рейтинг@Mail.ru