У пятніцу ў Віцебску ўшаноўвалі пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. На ўрачыстае мерапрыемства запрашаліся таксама прадстаўнікі ўлады, настаўнікі, бацькі.
Адораных дзяцей на Віцебшчыне многа. Напрыклад, Святлана Аўчыннікава і Сяргей Доўгаль з гімназіі №8 г. Віцебска сталі пераможцамі міжнароднай алімпіяды 2009 года па матэматыцы, а Наталля Бухтарэвіч з гімназіі №1 г. Віцебска – па біялогіі.
Сямёра прадстаўнікоў вучэбных устаноў рэгіёна ў 2010 годзе заваявалі дыпломы першай ступені рэспубліканскіх алімпіяд па беларускай мове і літаратуры, матэматыцы, фізіцы, хіміі і геаграфіі. У скарбонцы ўзнагарод 17 дыпломаў 2 ступені па грамадазнаўству, геаграфіі, гісторыі, біялогіі, фізіцы, матэматыцы, іспанскай і англійскай мовах, рускай мове і літаратуры і 65 дыпломаў трэцяй ступені па 16 дысцыплінах.
Як вядома, сярод прызёраў рэспубліканскіх прадметных алімпіяд ёсць і наш зямляк – вучань 11 класа сярэдняй школы №1 г. п. Бешанковічы Ягор Левачоў, які заваяваў дыплом 3 ступені па геаграфіі. Таму разам з настаўніцай геаграфіі Ларысай Віктараўнай Давыдзенкай запрашэнне на сустрэчу атрымаў і ён.
Шчаслівыя твары, прыўзняты настрой… Такімі і павінны, напэўна, быць людзі, адораныя божай ласкай. Перамога на алімпіядзе – гэта вынік сумеснай карпатлівай шматгадовай працы вучня і педагога, на якога Ягор хоча быць падобным ва ўсім. Ён нават прафесію абраў для сябе такую, як у Ларысы Віктараўны: хоча набыць вышэйшую адукацыю на геаграфічным факультэце Беларускага дзяржаўнага універсітэта, які скончыла яго любімая настаўніца.
Л. В. Давыдзенка ў сваю чаргу ганарыцца сваім вучнем, імя якога занесена на раённую Дошку гонару.
На здымку: Ягор Левачоў і Л. В. Давыдзенка перад паездкай у Віцебск.