Для разумнікаў і разумніц з нашага раёна паспяхова завяршыўся трэці, абласны, этап рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. У скарбонцы інтэлектуальных узнагарод 7 дыпломаў рознай вартасці. У адным з мінулых нумароў раёнка знаёміла сваіх чытачоў з выхаванцамі СШ №1 райцэнтра Святланай Аўласёнак, Паўлам Крэлем і Сяргеем Баравіком, якія заваявалі адпаведна дыпломы 3-й ступені па рускай мове, 1-й і 2-й ступеняў – па хіміі.
Двойчы паспяхова абараніла гонар сваёй вучэбнай установы і раёна гімназістка Ксенія Тарасевіч. Дзевяцікласніца вярнулася дадому з дыпломам 1-й ступені па беларускай мове і 3-й ступені – па хіміі. Дзяўчынка вызначаецца сярод сваіх аднагодкаў пытлівым розумам і актыўнасцю ў грамадскім жыцці гімназіі.
— Мае інтарэсы вельмі рознабаковыя, — прызнаецца Ксенія. – Так склалася, што я аднолькава люблю беларускую і англійскую мовы, літаратуру і хімію. Летась закончыла музычную школу па класе фартэпіяна.
Увесь вольны час праводжу за кніжкамі, каб пашырыць свой кругагляд, у пошуках новай інфармацыі выкарыстоўваю Інтэрнэт. І нават калі даводзіцца рабіць выбар: пайсці пагуляць з сябрамі ці правесці гадзіну-другую за падручнікамі, часцей схіляюся да апошняга. Я адчуваю ў сабе сілы і маю вялікае жаданне стаць лепшай у рэспубліцы. А рэалізаваць гэтыя задумы мне дапамагае мая настаўніца Юлія Леанідаўна Серабро, — адзначае гімназістка.
Вызначыліся нашы школьнікі і на алімпіядзе па працоўным навучанні. Дыплом 1-й ступені заваяваў Аляксей Радзюк з 11-га класа СШ №1. А дзевяцікласнік СШ №2 Алег Вараб’ёў стаў абсалютным лідарам сярод сваіх аднагодкаў і таксама адзначаны дыпломам 1-й ступені. Выхаванец ваенна-патрыятычнага класа ўпершыню прымаў удзел у алімпіядзе такога ўзроўню і вельмі хваляваўся. Але яго праект (Алег павёз з сабой уласнаручна выраблены кухонны набор) быў прызнаны лепшым. Цяпер побач з заняткамі па матэматыцы і работай на камп’ютары, чым таксама цікавіцца хлопец, прыходзіцца больш часу адводзіць падрыхтоўцы да ўдзелу ў апошнім этапе алімпіяды.
Як паведамілі ў аддзеле адукацыі райвыканкама, усе школьнікі, якія на абласным узроўні занялі 1-е і 2-е месцы, заваявалі пуцёўкі ў наступны – рэспубліканскі – тур інтэлектуальных спаборніцтваў. Давайце пажадаем нашым юным землякам годна вытрымаць і гэтыя іспыты.
На здымках: Ксенія Тарасевіч гатова паспрачацца за новую перамогу; Алег Вараб’ёў лоўка працуе з дрэвам.