15 кастрычніка 2014 года ў Бешанковіцкім раёне адбыўся абласны семінар па жывёлагадоўлі. Яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі аблсельгасхарчу, старшыні райвыканкамаў, іх намеснікі – начальнікі ўпраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкамаў і кіраўнікі службаў жывёлагадоўлі ўпраўленняў райсельгасхарчу вобласці.
У рабоце семінара прынялі ўдзел М. М. Шарстнёў – памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Віцебскай вобласці, І. В. Брыла – намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
Чаму менавіта наш раён быў абраны для правядзення мерапрыемства такога высокага ўзроўню, чаму на Бешанковіччыну завіталі прадстаўнікі ўсіх раёнаў вобласці?
А ўсё таму, што па валавой вытворчасці малака ён займае лідарскую пазіцыю на фоне астатніх рэгіёнаў вобласці. Падмацуем сказанае канкрэтнымі прыкладамі.
У прыватнасці, вытворчасць малака з пачатку года склала 107, 4 працэнта ў параўнанні з адпаведным перыядам мінула года. Гэты паказчык лепшы ў вобласці. У раёне ў сярэднім атрымалі на карову за гэты перыяд па 3872 кілаграмы малака. Гэта другі вынік у вобласці пасля Верхнядзвінскага раёна, дзе дояць па 4000 кілаграмаў малака. Сярэднясутачныя прывагі на адкорме і дарошчванні маладняка буйной рагатай жывёлы склалі з пачатку года 656 грамаў – другі паказчык у вобласці пасля Чашніцкага раёна, дзе маюць 682 грамы.
Так што ў дадзеным выпадку гаворка можа ісці не аб выпадковасці, а хутчэй аб заканамернасці ў планавым і граматным вядзенні малочнай і мясной галін у нашым прыдзвінскім краі.
Работу семінара адкрыў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Э. М. Дзям’янаў. Ён даў слова намесніку міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь І. В. Брыла. Тэма яго выступлення – «Асноўныя напрамкі і перспектывы развіцця галіны жывёлагадоўлі Рэспублікі Беларусь і Віцебскай вобласці». Пасля яго месца за трыбунай заняў першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама У. А. Машэра. Уладзімір Аляксандравіч падвёў вынікі работы сельскагаспадарчых арганізацый вобласці па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі за 9 месяцаў 2014 года і паставіў задачы на перспектыву. Аб выніках уборкі ўраджаю і сяўбы азімых расказаў прысутным намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама І. І. Фёдараў. Пра ход работ па пастаноўцы тэхнікі на зімовае захоўванне паведаміў намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Г. Г. Сабыніч.
Кожны з выступаючых у якасці станоўчага прыкладу адзначаў работу, якую праводзіць кіраўніцтва Бешанковіцкага раёна і райсельгасхарчу па ўсіх накірунках сельскагаспадарчай дзейнасці, асабліва ў галіне жывёлагадоўлі.
Пасля была заслухана справаздача некалькіх старшынь райвыканкамаў вобласці, дзе справы ідуць значна горш, чым у іншых раёнах Віцебшчыны.
Сваімі заўвагамі і прапановамі істотнага паляпшэння якасці работы на месцах падзяліўся памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Віцебскай вобласці М. М. Шарстнёў.
Пасля гэтага ўдзельнікаў абласнога семінара прымала МТФ «Буднікі» ЗАТ «ААБ-Агра Наватар». Сельгаспрадпрыемства ў нашым раёне адно з лепшых. Вызначаецца стабільнымі высокімі надоямі малака, тэхналагічнай і працоўнай дысцыплінай. Мэта наведвання – знаёмства з арганізацыяй вытворчасці малака на малочнатаварнай ферме, аснашчанай даільнай залай, дыферэнцыраваным кармленнем кароў, раздоем навацельнай жывёлы, арганізацыяй кіравання статкам, мерамі прафілактыкі і лячэння некаторых захворванняў жывёлы.
Перад гасцямі выступілі: старшыня Бешанковіцкага райвыканкама Л. К. Пянькоўскі, яго першы намеснік, начальнік упраўлення райсельгасхарчу С. Г. Акуневіч, дырэктар гаспадаркі Д. В. Пятрашка. Сваю прадукцыю дэманстравала дырэктар ААТ «Бешанковічы аграпрадукт» В. І. Каніна. Затым удзельнікі семінара наведалі памяшканне з цялятамі.
Наступным пунктам прыпынку была ферма па вырошчванні цялушак на ўзнаўленне дойнага пагалоўя. Тут утрымліваецца 1200 галоў маладняку «Малыя Галыні». Як яна стваралася, расказаў старшыня Бешанковіцкага райвыканкама Л. К. Пянькоўскі. З арганізацыяй інтэнсіўнага вырошчвання і асемянення цялушак пры бяспрывязным вольна-выгульным утрыманні прысутных пазнаёміў дырэктар РУП «Бешанковіцкая райплемстанцыя» У. П. Белязека.
Работа абласнога семінара завяршылася на МТФ «Ржаўка» і ў цялятніку. Тут, бадай, самыя лепшыя ў раёне паказчыкі. Сярэднясутачны надой малака склаў з пачатку года 5200 кілаграмаў на карову, да канца года чакаецца атрымаць 6700 кілаграмаў малака. Сярэднясутачныя прывагі на адкорме і дарошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы на гэтай ферме склалі больш за 800 грамаў.
Пасля граматнага пераводу на зімова-стойлавае ўтрыманне грамадскага пагалоўя сярэднясутачны надой малака на карову складае 18 кілаграмаў, што на 3 кілаграмы больш, чым летась. Тут ёсць і свае буронкі-рэкардсменкі. Як паказала кантрольная дойка, на ферме ўтрымліваецца 30 працэнтаў кароў з надоем ад 20 і больш кілаграмаў малака за суткі, у тым ліку звыш 30 кілаграмаў – 14 буронак. Самая высокаўдойная буронка дае 33 кілаграмы малака.
Удзельнікам семінара была прапанавана тэма: «Арганізацыя раздою навацельных кароў пры прывязным утрыманні і даенні ў малакаправод». Тлумачэнні давалі С. Г. Акуневіч, Д. В. Пятрашка, галоўны спецыяліст упраўлення райсельгасхарчу Т. В. Акулёнак.
Госці пераканаліся, што ўсе аб’екты абласнога семінара дастаткова прывабныя на выгляд, дагледжаны і добраўпарадкаваны тэрыторыі ля іх. Створаны ўсе ўмовы для высокапрадуктыўнай працы жывёлаводаў.
Хочацца спадзявацца, што наведаўшы Бешанковіцкі раён і азнаёміўшыся з тэхналогіяй вытворчасці малака і мяса, фермамі і іншымі жывёлагадоўчымі памяшканнямі ЗАТ «ААБ-Агра Наватар», выніковай працай мясцовых жывёлаводаў, нашы паважаныя госці з іншых рэгіёнаў вобласці возьмуць на ўзбраенне бешанковіцкі вопыт вядзення малочнай і мясной галін і абавязкова прыменяць у сябе на практыцы, паколькі менавіта такая мэта і ставілася арганізатарамі абласнога семінара. Вось тады можна будзе парадавацца не толькі за поспехі бешанкавічан, але і вобласці ў цэлым.