У ліку першых у вобласці Бешанковіччына пачала ўборачную кампанію. У мінулую сераду на збожжавыя палеткі выехалі камбайнеры “Бачэйкава-Агра”. У чацвер да іх далучыліся яшчэ 5 гаспадарак, на хлебных нівах раёна працаваў ужо 21 камбайн. У першы дзень жніва абмалочана 155 гектараў, сабрана 594 тоны зерня.
А ў пятніцу ўборцы хлеба быў дадзены афіцыйны старт. На базе сельгаспрадпрыемства “Палітаддзелец-Агра” спраўлялі раённае свята “Зажынкі”. На поле ля Камосак з’ехаліся кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, каб павіншаваць хлебаробаў з пачынам і пажадаць важкіх намалотаў. Па старажытным земляробчым звычаі распачаліся “Зажынкі” са жніўных песень у выкананні народнага ансамбля народнай песні “Вясялуха”.
Наказ удзельнікам жніва даў начальнік упраўлення райсельгасхарчу С. Г. Акуневіч. Ён па традыцыі прыняў каравай і першы сноп новага ўраджаю. Да хлебаробаў звярнуўся і вадзіцель “Палітаддзельца” К. Ф. Баўтрушка, які летась стаў другім у раённым саперніцтве на адвозцы збожжа. Завітаў на свята і настаяцель храма прарока Іллі айцец Віталь Кісель. Ён асвяціў хлебны палетак, тэхніку і камбайнераў.
Убіраць хлеб у раёне сёлета давядзецца амаль з 20 тысяч гектараў. Вырашаць гэтую задачу будзе магутны машынна-трактарны парк, толькі камбайнаў у поле выйдзе 79 адзінак. У добры шлях, хлебаробы!