Сёлета “Бешанковіцкая ПМК-41” працуе на трох аб’ектах. У маі мінулага года пачалася рэканструкцыя комплексу па адкорме буйной рагатай жывёлы ў Малых Галынях. Тры старыя будынкі рамантуюцца, узводзяцца тры новыя.
— На трох пазіцыях ужо пастаўлена жывёла, — расказвае начальнік ПМК-41 Сяргей Міхайлавіч Голубеў. — Гатовы і чацвёрты будынак, на днях сюды будзе пастаўлена жывёла. На пятай пазіцыі мы заліваем падлогу, на шостай – вядзём мантаж жалезабетонных канструкцый. Гатова ўжо і адна з дзвюх сянажных траншэй.
Працуюць будаўнікі і ў вёсцы Буднікі. Там з нуля ўзводзіцца малочнатаварная ферма.
— Тут, — працягвае экскурсію Сяргей Міхайлавіч, — на адным будынку завершаны мантаж жалезабетонных канструкцый, на другім – накрыты дах, ідзе падрыхтоўка да залівання падлогі. Потым зоймемся дахам трэцяга будынка.
У Будніках з’явяцца 2 кароўнікі, цялятнік і малочны блок. Кіраўнік работ Міхаіл Уладзіміравіч Струкаў упэўнены, што да канца года тут можна будзе размяшчаць жывёлу.
Трэцім аб’ектам “Бешанковіцкай ПМК-41” з’яўляецца дзесяты жыллёва-будаўнічы кааператыў.
Аб’ём работ прадпрыемства павялічыўся на 180% у параўнанні з такім жа перыядам мінулага года. Разам з гэтым павялічылася і неабходнасць у працоўных кадрах.
Толькі ў гэтым годзе ў ПМК-41 створаны 14 новых рабочых месцаў. Зараз тут працуюць 170 чалавек. Набыло прадпрыемства і новую тэхніку – мабільны бетоназмяшальны модуль, які ўстаноўлены ў Будніках для вытворчасці бетону на месцы.
— Праблемы ёсць і ў нас, — не хавае С. М. Голубеў. – Падаражэлі будаўнічыя матэрыялы, бываюць затрымкі з іх набыццём і дастаўкай, часам не хапае людзей. Але калі ёсць работа, будуць і жаданне, і настойлівасць.
На здымку: Дзмітрый Раманавіч Шкірман, Алег Уладзіміравіч Бадзяка і Ігар Аляксеевіч Буйлоў заліваюць падмурак сянажнай траншэі.