На святочны канцэрт, прысвечаны Дню маці, у раённы Дом культуры сабраліся жанчыны розных узростаў. З раённай сцэны прысутных павіншавала старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Ніна Васільеўна Журко. Свята дало магчымасць яшчэ раз выказаць словы падзякі жанчынам-маці за самаахвяраванне і бясконцую любоў.
Ніна Васільеўна пажадала матулям доўгага і шчаслівага жыцця, моцнага здароўя, кахання і душэўнага спакою, цеплыні і павагі ад сваіх дзяцей, утульнасці і цяпла ў кожным доме.Самым чароўным з жанчын на
працягу амаль дзвюх гадзін канцэртныя нумары дарылі самадзейныя артысты, сярод якіх было шмат дзяцей. Гэта стварала цёплую атмасферу ў зале, напаўняючы сэрцы радасцю і святлом. Бо хто лепш за матуль ведае, што дзеці – гэта і ёсць самае сапраўднае шчасце для жанчыны?
Маці для дзіцяці – вялікае і чыстае акно ў невядомы свет. І якое шчасце, калі яна побач! Пра ролю жанчын-маці ў выхаванні дзяцей, каштоўнасць сям’і гаварыла ў гэты дзень і Таццяна Сцяпанаўна Лаліева, якая выхоўвае дваіх сваіх і дваіх прыёмных дзетак.
Падрыхтаваны канцэрт уражваў высокім майстэрствам. Выступленні аркестровай групы народнага аркестра народных інструментаў пад кіраўніцтвам Алены Ядрэўскай, а таксама Любові Кежы, Соф’і Панкевіч, Дар’і Васюковіч, Кацярыны Курносавай, Вольгі Сергіенкі краналі да глыбіні душы. Як і вершы таленавітай жанчыны-паэтэсы Наталлі Бондар, якія яна з радасцю падарыла матулям Прыдзвіння.
У цудоўным святочным канцэрце прынялі ўдзел выхаванцы тэатральнай студыі РДК, ансамбль фольк-стылю “Званіца”, класа харэаграфіі, тэатра мод, вакалісты і музыканты з устаноў культуры раёна. Свае лепшыя песні, танцы і музычныя нумары яны дарылі жанчынам, якія ў сваю чаргу не шкадавалі апладысментаў для артыстаў.
На здымку: кветкі для Т. С. Лаліевай.