На разгляд 15-й сесіі раённага Савета дэпутатаў было вынесена пытанне “Аб праграме захавання гісторыка-культурнай спадчыны Бешанковіцкага раёна на 2012-2016 гады”. Як адзначыў старшыня райсавета дэпутатаў Генадзь Міхайлавіч Шведаў, ахова Бацькаўшчыны, захаванне помнікаў гісторыі і культуры беларускага народа для нашчадкаў маюць першараднае значэнне. Беларусі ёсць што паказаць гасцям і чым ганарыцца. Своеасаблівай візітнай карткай краіны пасля рэканструкцыі стаў Нясвіжскі замак, іншыя аб’екты, чыя гісторыя адыходзіць да далёкага мінулага.
Прывабны ў гэтым плане і наш рэгіён. Сёння ў раёне налічваюцца 102 памятныя месцы. 31 з іх уваходзіць у дзяржаўны спіс ахоўваемых аб’ектаў. Гэта 14 архіялагічных помнікаў, 8 помнікаў архітэктуры і 9 – гісторыі. Галоўная задача: дагледзіць і захаваць іх, якая прапісана ў “Законе аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”, знайшла адлюстраванне і ў раённай праграме.
З ёй дэпутатаў пазнаёміла начальнік аддзела культуры райвыканкама Наталля Мікалаеўна Апанасёнак. Сярод задач у дакуменце абазначаны таксама афармленне ўліковай дакументацыі ўладальнікамі аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны (такіх у раёне 21, з кім падпісаны ўсе ахоўныя абавязацельствы), стварэнне банка дадзеных аб гісторыка-культурных каштоўнасцях, выяўленне новых аб’ектаў і занясенне іх у спіс ахоўваемых на дзяржаўным узроўні.
Фінансавацца праграма будзе за кошт раённага, абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў, сродкаў уласнікаў і пазабюджэтных крыніц. Вынікам яе рэалізацыі стане паляпшэнне стану помнікаў гісторыі і культуры, развіццё музейнай справы і турызму. Наш раён трапіў у Міжнародны маршрут, які звязаны з гісторыяй вайны 1812 года і праходзіць праз Маскву, Смаленск, Віцебск, Бешанковічы і Полацк. Раённы гісторыка-краязнаўчы музей распрацаваў экскурсійны маршрут і ўжо прымаў гасцей з Масквы і Смаленска.
Дэпутаты зацвердзілі “Праграму захавання гісторыка-культурнай спадчыны Бешанковіцкага раёна на 2012-2016 гады”, прагаласавалі за ўнясенне змяненняў у бюджэт раёна на 2012 год і заслухалі запыт дэпутата Драздоўскай выбарчай акругі Мікалая Уладзіміравіча Чашынскага. Ён хадайнічаў аб дапамозе ў вырашэнні пытання з водазабеспячэннем аграгарадка Дразды.
Як паказалі моцныя марозы, воданапорная вежа, якая працуе тут, не спраўляецца са сваёй задачай, патрэбна абуладкаванне новай свідравіны. На гэтыя мэты ўжо скарыстаны 134 мільёны рублёў, але для завяршэння работ неабходны яшчэ 244 мільёны.