Каля 300 жыхароў Прыдзвіння сёлета павінны абмяняць пасведчанні ўдзельнікаў ліквідацыі і пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на адзіныя пасведчанні пацярпелых. На пачатак красавіка, напрыклад, гэта ўжо зрабілі 29 чалавек.
Як зазначыў сакратар камісіі па абмене пасведчанняў райвыканкама Пётр Пятровіч Ціханенка, падстаў для правядзення абмену дакументаў некалькі. Па-першае, з-за змяненняў у заканадаўстве і жыцці людзей у пасведчанні ўносілася шмат карэкціровак. Яны пераўтварыліся ў зборнікі пячатак і подпісаў, таму часта бываюць нечытабельнымі. Па-другое, змянілася нумерацыя артыкулаў закона і сталі дакладна размяжоўвацца льготы. Напрыклад, пад артыкул 24 раней падыходзілі пацярпелыя, адселеныя з населеных пунктаў з забруджваннем 5-15 кюры. А ў дзеючым артыкуле 24 размова ідзе пра тых, хто выехаў з больш забруджанай зоны. Вось і ўзнікае блытаніна.
Бягучы год стане пераходным для так званых “чарнобыльцаў”. Замяніць свае дакументы яны змогуць да 31 снежня 2012 года. Для гэтага дастаткова звярнуцца ў камісію па абмене пасведчанняў удзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС і пацярпелых ад яе на пасведчанне пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый Бешанковіцкага райвыканкама з заявай аб замене, а таксама прадаставіць арыгінал ці дублікат свайго старога пасведчання, два фотаздымкі 3х4. У заяўніка могуць таксама запрасіць пашпарт ці іншы дакумент, што засведчвае асобу.
Камісія знаходзіцца па адрасе: 211361, г.п. Бешанковічы, вул. Камуністычная, 10 (упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама).
У той жа час Пётр Пятровіч зазначыў, што ліквідатарам аварый на ЧАЭС для абмену пасведчання трэба звярнуцца ў той дзяржорган, які ўстанаўліваў гэты статус для грамадзян. У раёне арганізавана толькі выдача новых пасведчанняў пацярпелых ад катастрофы ў адпаведнасці з артыкулам 24 Закона Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2009 года “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС”.