У прыгожа прыбранай зале сабраліся вучні 5-11 класаў. Пад урачыстыя гукі фанфар вядучыя распавядалі аб тым, як старажытныя грэкі сцвярджалі, што ў залатых палацах на гары Алімп жывуць толькі багі. Ніхто з простых людзей не мог узняцца на Алімп. І толькі сапраўдным героям багі дазвалялі ўзняцца на святую гару. У іх лік трапілі і вучні нашай школы, якія дасягнулі пэўных вынікаў у раённым туры алімпіяды, іх настаўнікі, чый прафесіяналізм не дазваляе школе стаяць на месцы, а толькі рухае наперад, бацькі вучняў, якія заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, падтрымаць.
З прывітальным словам выступіла дырэктар школы Вольга Аляксандраўна Цярэшчанка. Яна павіншавала ўдзельнікаў алімпіяд з дасягнутымі поспехамі.
Першай на «Зорны Алімп» запрасілі Карыну Жыгун, вучаніцу 11 класа. Яна ўзнагароджана дыпломам 3-й ступені па беларускай мове (настаўнік Л. І. Шчука) і падзякай па рускай мове (настаўнік І. І. Чарнышова). Потым на сцэну запрасілі Марыю Асташкевіч, вучаніцу 10 класа, якая адзначана падзякай па беларускай мове (настаўнік А. Г. Арлова), Анастасію Апанасёнак, вучаніцу 11 класа, якая атрымала дыплом 3-й ступені па французскай мове (настаўнік Г. А. Бондарава).
За ўдзел у раённай алімпіядзе падзякі ўручылі Уладзіміру Багданаву, вучню 9 класа, Міхаілу Кораню, вучню 8 класа, па матэматыцы (настаўнік В. У. Пушко), Вікторыі Бакуновай, вучаніцы 8 класа, па працоўным навучанні (настаўнік З. М. Мураўская), Паліне Герцык, вучаніцы 11 класа, па біялогіі (настаўнік В. П. Протас), Ганне Корневай, вучаніцы 11 класа, па фізіцы (настаўнік У. В. Арлоў).
Вучаніцы 10 і 11 класаў Аляксандра Дармідошына і Ірына Чарняўская ўвогуле адзначаны двойчы. Аляксандра – па геаграфіі і біялогіі (настаўнік В. П. Протас), Ірына – па геаграфіі і гісторыі (настаўнік С. У. Цярэшчанка).
Дыпломамі і падзякамі адзначана праца настаўнікаў, якія падрыхтавалі дыпламантаў і ўдзельнікаў 2-га тура рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах.
Цырымонія ўзнагароджання суправаджалася музычнымі віншаваннямі ў выкананні Аляксея Кадукова, Карыны Жыгун, Вікторыі Бакуновай, Яўгеніі Зяньковай. Артыстаў сустракалі шквалам апладысментаў. Вельмі хвалюючымі былі тыя хвіліны, калі на сцэну падняліся Марына Паўлаўна Апанасёнак, Марына Мікалаеўна Дзягель, Валянціна Генадзьеўна Асташкевіч – маці пераможцаў алімпіяды. З рук дырэктара школы яны атрымалі лісты падзякі за добрае выхаванне дзяцей.
Напрыканцы мерапрыемства вучні 11 класа выканалі нестарэючы школьны вальс.
Урачыстае святкаванне падрыхтавалі і правялі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Валер’еўна Ружынская і вучаніца 9 класа Уладзіслава Міхеева, якія пажадалі ўсім новых поспехаў і дасягненняў.
Узрушаныя і задаволеныя пакідалі залу вучні, бацькі, настаўнікі.
Ганна Корнева, вучаніца 11 класа Бачэйкаўскай СШ, член гуртка «Юны журналіст».