Семінар на базе ЗАТ «ААБ-Агра Наватар», прысвечаны рамонту тэхнікі, стану зімоўкі і далейшаму развіццю жывёлагадоўлі прайшоў у святле апошніх патрабаванняў кіраўніцтва краіны. З боку першага намесніка старшыні райвыканкама, кіраўніка ўпраўлення райсельгасхарчу С. Г. Акуневіча прагучала шмат крытычных заўваг.
Машынны двор у вёсцы Верхняе Крывіна
Тут на лінейцы гатоўнасці знаходзяцца сельскагаспадарчая тэхніка і прычапны інвентар. Сяргей Генадзьевіч адразу звярнуў увагу кіраўнікоў і галоўных спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў на тэрміновы рамонт такіх агрэгатаў, як «Раса» і «Дзвіна», прызначаных для падкормкі пасеваў. Менавіта яны з пачаткам веснавых палявых работ першымі выйдуць на палеткі сваіх гаспадарак. Не засталіся без увагі кіраўніка ўпраўлення райсельгасхарчу падрыхтоўка бочак для падвозкі КАСа, апырсквальнікаў, шлангаў, помпаў, распыляльнікаў. Асабліва ён засяродзіў увагу на наяўнасці адпаведных актаў на тую колькасць тэхнікі, якая адрамантавана і пастаўлена на лінейку гатоўнасці.
Перш, чым даць слова для справаздачы кіраўніку ЗАТ «ААБ-Агра Наватар», С. Г. Акуневіч не прамінуў заўважыць:
– Сельгаспрадпрыемства дастаткова закрэдытавана. А яно, як і «ПалітаддзелецАгра», прывыкла працаваць выключна пры наяўнасці ў дастатковай колькасці грашовых сродкаў. А вось пры іх адсутнасці мы назіраем зусім іншы малюнак…
Д. В. Пятрашка ў двух словах пазнаёміў прысутных з ходам рамонту тэхнікі. Як вынікае з выступлення Дзмітрыя Валер’евіча, за выключэннем некаторых момантаў, яна практычна гатова да выезду ў поле.
Галоўны дзяржаўны інжынер-інспектар, начальнік Бешанковіцкай інспекцыі Дзяржтэхнагляду В. Г. Падрэз напомніў кіраўнікам і інжынернай службе аб тэхаглядзе, які трэба прайсці ў сакавіку.
– Асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на рамонт рухавікоў, тармазной і паліўнай сістэм, знешні выгляд трактароў, сеялак, іншага прычапнога інвентару, каб гарантаваць поспех пры праходжанні тэхагляду, – сказаў ён.
С. Г. Акуневіч таксама зрабіў акцэнт прысутных на навядзенне ідэальнага парадку ў рамонтных майстэрнях.
Жывёлагадоўчы комплекс «Вялікія Галыні»
– Тут створаны ўсе ўмовы для ўтрымання розных катэгорый жывёлы, нарошчвання тэмпаў вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі, прыплоду. Кармоў удосталь, але не хапае іх збалансаванасці, асабліва пры прыгатаванні кормасумясяў. А ўсё таму, што недастатковы кантроль за вытворчым працэсам, і ў першую чаргу, з боку заатэхнічнай службы гаспадаркі. Як можна дапусціць кармленне 6-месячных цялушак сенажом, а не сенам? – абураўся С. Г. Акуневіч. – Ды і з рацыёнам астатняй жывёлы больш беспарадку, чым парадку. Ніхто не кантралюе дастаўку і захоўванне кармоў. Згрузяць у кучу і лічаць, што справа зроблена. А корм у ёй «гарыць», псуецца. Яго ў такім выглядзе кладуць у кармушкі. Там застаюцца яго рэшткі, якія не выбіраюцца. Чарговая партыя корму загружаецца наверх яго. У выніку губляецца якасць, пажыўнасць сенажу. Якая ж аддача будзе ад такога кармлення? Няма парадку, як няма і мэтанакіраванай работы.
Далей кіраўнік упраўлення райсельгасхарчу вельмі падрабязна распавёў пра рацыён кармлення кароў, цялушак, нецеляў, цялят, прыгатаванне кормасумесяў. Шмат карыснага і слушнага прагучала з яго вуснаў. Нямала крытычных стрэлаў было выпушчана С. Г. Акуневічам і ў адрас кіраўніцтва, спецыялістаў райветстанцыі.
– Трэба і вам больш актыўна падстаўляць плячо жывёлаводам, – сказаў ён. – Не адной толькі райплемстанцыі за ўсіх аддувацца! Мы ўсе абавязаны змагацца за кожны кілаграм малака і мяса. У гэтым толькі наша выратаванне і выжыванне ў цяперашніх эканамічных умовах. Спадзявацца, разлічваць трэба выключна на сябе, на сваё ўменне, прафесіяналізм і добрасумленныя адносіны да таго, што робіш, за што ў адказе.
Вынікі работы жывёлагадоўлі за мінулы год
Іх абмеркавалі ў актавай зале Верхнякрывінскага сельскага Дома культуры, дзе працягваў сваю работу семінар. Справаздачу трымаў намеснік начальніка аддзела вытворчасці, збыту прадукцыі і інтэнсіфікацыі сельгасвытворчасці ўпраўлення райсельгасхарчу І. П. Марковіч.
Разам са станоўчымі здабыткамі Іван Пятровіч спыніўся і на недахопах, якія перашкодзілі атрымаць больш важкі прыбытак ад мясной і малочнай жывёлагадоўлі. Крытыка прагучала ў адрас аграсервіса, «Вядзерава», «ПлісыАгра».
– Па выніках работы за мінулы год мы, вядома, адзначым лепшых і не забудзем тых, хто не здолеў выйсці на запланаваныя рубяжы ў жывёлагадоўлі, – падвёў вынікі семінара Сяргей Генадзьевіч Акуневіч.