«Славянскі базар у Віцебску» даў магчымасць народам еўразійскай прасторы захаваць гістарычную агульнасць і адзіную культурную прастору”, — адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 ліпеня ў час адкрыцця ХХI Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Віцебскі форум стаў адным з тых зярнят, з якіх прарастае еўразійская інтэграцыя, бо ён даў магчымасць нашым народам захаваць гістарычную агульнасць і адзіную культурную прастору.
«Гэтаму форуму самім лёсам было прызначана стаць цэнтрам прыцягнення розных культур. Бо нават у яго назве — «Славянскі базар» — чуецца водгук і еўрапейскай, і ўсходняй цывілізацыі», — лічыць Прэзідэнт.
Невыпадкова і месцам правядзення фестывалю выбраны Віцебск, дзе «на багатай глебе, створанай з перапляцення традыцый і культур, з’явіліся на свет і расцвіталі геніі». Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў пачатку мінулага стагоддзя горад на Дзвіне трапна назвалі беларускім Парыжам: «Нягледзячы на знешнюю непадобнасць, гэтыя гарады ўнутрана вельмі блізкія. Іх вуліцы і плошчы напаўняе атмасфера натхнення, якая акрыляе людзей мастацтва і нараджае шэдэўры».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ўвесь фестываль прасякнуты павагай да творчай унікальнасці кожнага народа і садзейнічае нараджэнню новых мастацкіх ідэй. «У сучасным свеце «Славянскі базар» служыць маяком духоўнасці і дабра, — упэўнены Прэзідэнт. — Імкненне да брацтва і ўзаемапавагі, адкрытасць, шчодрасць складаюць сутнасць славянскай душы. Мы заўсёды гатовы дзяліцца лепшым і гасцінна прымаць усіх, хто прыходзіць да нас з адкрытым сэрцам, да нас, рускіх, беларусаў, украінцаў».
БелТА.