Чалавека, абцяжаранага грузам праблем, на вуліцы вылічыш не заўсёды. Людзі як людзі. Са многімі сустракаешся па дарозе на працу ці дадому, вітаешся, а пазней са здзіўленнем даведваешся, што ў сям’і ён зусім іншы, чым на працы, што нават з блізкімі не можа знайсці агульную мову. А прычынай сямейных спрэчак, як правіла, часцей за ўсё выступае гарэлка.
У. У. Лейчанка з Бешанковіч, напрыклад, толькі за тыдзень трапіў у поле зроку міліцыі двойчы. Мужчына злоўжывае спіртнымі напоямі, скандаліць з сужыцелькай, хаця і стаіць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Чалавека пашкадавалі, далі адтэрміноўку ад выканання пакарання, а ён ніяк не ўцяміць, што падобныя паводзіны прывядуць яго толькі ў лячэбна-працоўны прафілакторый ці ў месцы пазбаўлення волі.
Члены грамадскага пункта аховы правапарадку г. п. Бешанковічы, пасяджэнне якога вёў начальнік раённага аддзела міліцыі Алег Рыгоравіч Новік, пасля адкрытай размовы прапанавалі Уладзіміру Уладзіміравічу закадзіравацца, бо іншага выйсця няма. Пацвярджэннем гэтага стала і афіцыйнае папярэджанне пракурора раёна А. С. Шклярэўскага, з якім У. У. Лейчанку азнаёміла памочнік пракурора раёна Э. І. Лешанок.
Перш добра падумаць перад тым, як браць у рукі шклянку з гарэлкай, параілі і Я. Г. Ціханаву. “Больш не буду скандаліць”, — як дзіця ў школе, амаль з парога стаў запэўніваць прысутных дарослы мужчына, які таксама быў выкліканы на пасяджэнне за разборкі з сужыцелькай. Праўда, словы яго разыходзіліся са справай. На размову з членамі ГПАП Ціханаў прыйшоў… нецвярозы. Стойкі пах гарэлкі ён спрабаваў перабіць жвачкай. Факт алкагольнага ап’янення пацвердзілі ў цэнтральнай раённай бальніцы, куды Яўгена міліцыя даставіла прама з пасяджэння савета прафілактыкі. Быў складзены новы адміністрацыйны пратакол, мужчына, які зрабіў яшчэ адзін крок да лячэбна-працоўнага прафілакторыя, аштрафаваны.
Не ўпісваюцца ў рамкі агульнапрынятых чалавечых паводзін і паводзіны Я. А. Радкевіч. На прафілактычную размову яна прыйшла разам з мужам. Як паведаміў А. Р. Новік, жанчына часта запівае і пакідае дом. Чаму, гэтага Ядзвіга Андрэеўна не змагла толкам растлумачыць і сама. Як толькі яна пачынае невядома дзе бадзяжнічаць, муж тэлефануе ў міліцыю. На пошукі прыцягваюцца людзі і сродкі. Бывае, “у хованкі” з сям’ёй Ядзвіга Андрэеўна гуляе па дзесяць дзён. А калі вяртаецца, пачынаецца высвятленне адносін з мужам…
— Прабачце мяне, — сказала на развітанне жанчына, якой рэкамендавана неадкладна прайсці кансультацыю ў нарколага.
У адносінах людзей, якія стаяць на прафілактычным уліку, дапускаюць правапарушэнні, вядуць антыграмадскі лад жыцця, іншага выйсця няма, як узмацніць кантроль за іх паводзінамі. Хочацца спадзявацца, што прынцыповая размова пойдзе ім толькі на карысць.
На здымку: на пасяджэнне савета прафілактыкі Я. Г. Ціханаў прыйшоў… нецвярозы.