Паведамленне аб тым, што ў час прыродаахоўнага рэйду ў вёсцы Стар у мясцовага жыхара знойдзены скура, вантробы і мяса маладога лася, у раённы аддзел унутраных спраў паступіла ад інспектара Віцебскай міжрэгіянальнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
Названы факт у час праверкі пацвердзіўся. Як высветлілася, лася браканьер забіў у паляўнічых угоддзях ПУП “Свіціна-ВМК”, непадалёку ад вёскі, без усялякага на тое дазволу, чым парушыў “Правілы вядзення паляўнічай гаспадаркі і паляўніцтва”, зацверджаныя Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №580 ад 8 снежня 2005 года “Аб некаторых мерах па павышэнні эфектыўнасці вядзення паляўнічай гаспадаркі і рыбагаспадарчай дзейнасці, удасканаленні дзяржаўнага кіравання імі”.
Бедная жывёла вагой каля 170 кілаграмаў трапіла ва ўстаноўленую пятлю з дроту, навакольнаму асяроддзю нанесена шкода ў буйным памеры – на 9500000 рублёў.
31 кастрычніка раённым аддзяленнем Следчага камітэта ў адносінах браканьера заведзена крымінальная справа па ч. 2 артыкула 282 КК Рэспублікі Беларусь.
Заробіць грошы
“на дурнічку”
не атрымалася
З двара, гаспадарчых пабудоў дома, размешчанага ў вёсцы Навасёлкі, узламаўшы замкі, злодзеі вынеслі тры металічныя бочкі, два рухавікі ад аўтамабіля “ЗАЗ”, рухавік “ЗІД”, станіну ад станка, металічныя калёсікі, пруты, акучнік, плуг, рашоткі на агульную суму 890830 рублёў.
Крадзеж гаспадыня, жыхарка райцэнтра, заўважыла не адразу, аднак міліцыя знайшла злодзеяў. Імі аказаліся два жыхары вёскі Бачэйкава 1986 і 1989 гадоў нараджэння, якія ўвечары 15 кастрычніка зайшлі ў чужы двор і ўзялі жадаемае. Маладыя людзі раней не былі судзімыя, нідзе не працавалі. Апошняя акалічнасць, відаць, і стала прычынай, па якой яны пайшлі на здзяйсненне злачынства, каб атрымаць грошы за метал.
Узбуджана крымінальная справа па ч. 2 артыкула 205 КК Рэспублікі Беларусь. Украдзенае адабрана. Апошнюю кропку ў гэтай справе паставіць суд.
На волі гуляла нядоўга
Супрацоўнікамі РАУС раскрыты крадзеж, здзейснены ў маі бягучага года ў вёсцы Старыя Ранчыцы.
Устаноўлена, што маёмасць з дому мясцовага жыхара ўкрала віцяблянка без вызначаных заняткаў. Жанчына раней была судзімая. Апошні раз у верасні 2010 года судом Чыгуначнага раёна г. Віцебска па ч. 2 артыкула 205 КК Рэспублікі Беларусь да 1 года 8 месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. На свабоду яна выйшла ў лістападзе 2011 года, а праз некалькі месяцаў зноў узялася за старое…
(Па матэрыялах РАУС).