РДК правёў дэкаду патрыятычнага выхавання. Адкрыў яе вечар-сустрэча, у межах якога вучняў СШ №1 і 2 райцэнтра запрасілі на музычную вечарыну з удзелам народнага клуба “Ветэран” (на здымку). Кіруе ім Вольга Паўлаўна Качанава. Сустрэча двух пакаленняў стала для моладзі ўрокам мужнасці і гераізму. У гэты дзень са сцэны шмат гаварылася пра патрыятызм ва ўсіх яго праявах (індывідуальны, групавы і масавы) і патрыётах. Пра любоў да Айчыны і землякоў, пра пэўныя справы, у якіх праяўляецца сутнасць чалавека-грамадзяніна, разважалі ў песнях і вершах удзельніцы народнага клуба: ветэран Вялікай Айчыннай вайны Марыя Восіпаўна Качан, Лілія Канстанцінаўна Бельская, Галіна Арцёмаўна Макарава, Святлана Мікалаеўна Ананьева, Еўдакія Фёдараўна Яроха, Аксана Кірылаўна Усава, Людміла Пятроўна Міхайлоўская пад акампанемент Соф’і Іванаўны Панкевіч.
Рэфрэнам праз усё мерапрыемства праходзіў наказ старэйшага пакалення: горда несці імя беларуса, захоўваць гістарычную спадчыну, шанаваць сваю Радзіму, працаваць дзеля яе квітнення, будаваць моцныя сем’і і працягваць род беларускі. Школьнікі атрымалі інфармацыю для разважання і арыенцір на будучае.