У г. Лепелі 20 лютага 2015 года здарылася непапраўнае: ажыццёўлены наезд на вучня, які выйшаў са школьнага аўтобуса, што спыніўся ў нявызначаным месцы. Менавіта па гэтай прычыне спатрэбіліся дадатковыя прафілактычныя мерапрыемствы пад агульнай назвай «Аўтобус прафілактыкі».
Меры перасцярогі пры падвозцы школьнікаў у тых навучальных установах, дзе для гэтых мэтаў выкарыстоўваюцца спецыяльныя аўтобусы, прыняты і ў нашым раёне. Штодзень раніцай дзяцей пры дастаўцы ў школу і са школы суправаджаюць настаўнікі. У пятніцу, 20 сакавіка, у СШ №1 райцэнтра перад заканчэннем заняткаў завіталі інспектар па справах непаўналетніх РАУС старшы лейтэнант Н. А. Чэрап і прадстаўнік газеты «Зара».
За пятнаццаць хвілін да арганізаванай пасадкі школьны аўтобус, як і патрабуе графік, ужо стаяў насупраць установы адукацыі. Вадзіцель Мікалай Іванавіч Абляцоў, стаж работы якога на тэхніцы пачаўся з 1976 года, (непасрэдна падвозам дзяцей ён займаецца восем гадоў), загадзя адчыніў дзверы. Тут жа чакалі сваіх выхаванцаў дзяжурныя ў гэты дзень настаўнікі Наталля Міхайлаўна Радзюк і Таццяна Мікалаеўна Асташэвіч. Ніна Аляксандраўна Чэрап прымацавала на лабавым шкле аўтобуса спецыяльную шыльдачку з надпісам: «Увага! Суправаджае супрацоўнік міліцыі».
Сталі падыходзіць школьнікі. Тут жа ім настаўнікі нагадалі правілы заходу і выхаду з аўтобуса, паводзіны ў час руху. Па камандзе старэйшых дзеці пачалі запаўняць аўтобус. Цікава было назіраць, як хлопчыкі прапускалі дзяўчынак. Наталля Міхайлаўна і Таццяна Мікалаеўна яшчэ раз праверылі сваіх падапечных, пералічылі: усе ў зборы. Можна рухацца.
Першы населены пункт на маршруце — вёска Камоскі. Ніна Аляксандраўна Чэрап тым часам праводзіла для дзяцей свой інструктаж. Трэба адзначыць, што яны паводзілі сябе дысцыплінавана, уважліва слухалі прамоўцу.
А вось і Камоскі. Адчыняюцца дзверы. Першымі выходзяць дарослыя і дапамагаюць пакінуць аўтобус дзецям, яшчэ раз нагадваюць ім аб тэхніцы бяспекі пры пераходзе вуліцы або руху па абочыне трасы.
Аўтобус вяртаецца да школьнага прыпынку, дзе яго ўжо чакае наступная група з адзінаццаці школьнікаў, якія адпраўляюцца па маршруце Старыя Ранчыцы — Верхняе Крывіна — МПМК-41. Зноў інструктаж настаўнікаў, інспектара РАУС, пасадка дзяцей у аўтобус і высадка з удзелам дарослых і пад іх пільным кантролем.
Нарэшце, апошні школьнік пакінуў аўтобус. Дзякуй Богу, абышлося без няўвязак. Старэйшыя і вадзіцель уздыхнулі з палёгкай — на сёння іх задача выканана паспяхова.
Пасля веснавых канікулаў практыка суправаджэння школьнікаў у школу і са школы працягнецца. І ўжо па адпаведнай інструкцыі, распрацоўка якой павінна хутка завяршыцца. Пакуль жа даводзіцца абыходзіцца агульнымі правіламі бяспекі пры перавозцы вучняў. Але і яны эфектыўныя, калі да справы адносіцца з адказнасцю.