У пятніцу ў Цэнтры культуры «Віцебск» прайшоў урачысты сход з нагоды 75-годдзя ўтварэння Віцебскай вобласці і цырымоніі ўшанавання лаўрэатаў звання «Чалавек года Віцебшчыны». Удзел у мерапрыемстве прынялі дэлегацыі з усіх раёнаў вобласці, а ў іх складзе — лепшыя працаўнікі сельскай гаспадаркі, прамысловасці, транспарту, сферы абслугоўвання, адукацыі, медыцыны, культуры, праваахоўных органаў, іншых сфер, тыя, хто ўнёс найбольш важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна.
Віцебшчына заўсёды славілася працавітымі людзьмі, нездарма яна займае ў краіне лідзіруючыя пазіцыі па многіх накірунках. І так было заўсёды. Як адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Косінец, які адкрыў святочнае мерапрыемства, вобласць сёння стабільна і дынамічна развіваецца, праводзіць актыўную мадэрнізацыю вытворчасці, умацоўвае сацыяльна-эканамічны патэнцыял, прыцягвае ў эканоміку замежных партнёраў. Прыярытэты ў інвестыцыйнай і інавацыйнай палітыцы рэгіёна – стварэнне новых і тэхнічнае пераўзбраенне старых прадпрыемстваў, укараненне прагрэсіўных метадаў перапрацоўкі сыравіны і матэрыялаў, выкарыстанне рэсурсазберагальных і энергаэфектыўных тэхналогій пры вытворчасці канкурэнтназдольнай прадукцыі. Усё гэта становіцца магчымым дзякуючы жыхарам Прыдзвіння, якія працуюць на дабрабыт сваёй зямлі. Менавіта такімі людзьмі будуецца моцная і квітнеючая дзяржава.
У розных сферах жыцця вобласці нямала сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы. Як сярод тых, хто працуе сёння на сваіх працоўных месцах, так і сярод ветэранаў, людзей, хто ў свой час стварыў аснову для дынамічнага развіцця рэгіёна, абараняў рубяжы Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ветэраны вайны і працы, былыя кіраўнікі ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў вобласці, многія з якіх носяць заслужаныя званні Герояў Сацыялістычнай працы, узнагароджаны ордэнамі і медалямі, у гэты дзень былі, бадай, самымі ганаровымі гасцямі на свяце. Цырымонія ўзнагароджання пачалася менавіта з іх. Разам са словамі віншаванняў, добрых пажаданняў і шчырай падзякі Аляксандр Мікалаевіч уручыў ветэранам Ганаровыя граматы аблвыканкама і кветкі.
Жыхароў Віцебшчыны з 75-годдзем утварэння вобласці павіншаваў і Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Прывітальны адрас ад кіраўніка дзяржавы зачытаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэй Мікалаевіч Тур. Сярод ганаровых гасцей на свяце былі таксама старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка, былы старшыня Віцебскага аблвыканкама, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Аляксандр Серафімавіч Якабсон, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Мікалай Фёдаравіч Дамашкевіч, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, госці з іншых абласцей рэспублікі.
Як і ў папярэднія гады, ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны-2012” удастоены 100 лепшых з лепшых жыхароў вобласці. Чацвёра з іх з Бешанковіцкага раёна. Іх імёны вызначаны рашэннем Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ад 26 студзеня 2013 года №35 «Аб прысваенні ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны”. У намінацыі “Мясцовае кіраванне і самакіраванне” за вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна гэтага высокага звання ўдастоены старшыня нашага раённага выканаўчага камітэта Леанід Канстанцінавіч Пянькоўскі, у намінацыі “Малы і сярэдні бізнэс” лаўрэатам ганаровага звання стаў генеральны дырэктар навукова-вытворчага прадпрыемства “Белкатламаш” таварыства з абмежаванай адказнасцю Віктар Аляксеевіч Краўчанка, у намінацыі “Архітэктура, будаўніцтва, дарожная гаспадарка” – дырэктар даччынага камунальнага ўнітарнага будаўнічага прадпрыемства “Бешанковіцкая ПМК-41” Віктар Эдмундавіч Грышан, у намінацыі “Сфера паслуг” – старшыня праўлення Бешанковіцкага раённага спажывецкага таварыства Галіна Аляксандраўна Галенка.
Дарэчы, гэта самае вялікае прадстаўніцтва нашага раёна на конкурсе, у былыя гады Бешанковіччына мела не больш двух намінантаў. У першую чаргу гэта сведчыць аб тым, што ў нашым раёне ўмеюць працаваць, і як вынік — дабіваюцца такіх паказчыкаў, з якімі не сорамна паказацца на людзях і якіх нельга не заўважыць у абласным выканаўчым камітэце. А па працы — і пашана.
Кожнага працаўніка зала сустракала апладысментамі за старанне ў працы, высокія надоі, прывагі, намалоты, перамогі ў конкурсах, рост аб’ёмаў, укараненне новых тэхналогій і форм абслугоўвання. А. М. Косінец уручыў усім лаўрэатам высокага звання “Чалавек года Віцебшчыны” дыпломы, нагрудныя знакі, грашовыя прэміі і букеты кветак.
У заключэнне адбыўся вялікі святочны канцэрт, які быў роcсыпам талентаў самадзейнага і прафесійнага мастацтва.
На здымках: дыплом лаўрэата і нагрудны знак старшыні Бешанковіцкага раённага выканаўчага камітэта Л. К. Пянькоўскаму ўручае кіраўнік вобласці А. М. Косінец. Гэтага высокага звання Леанід Канстанцінавіч удастоены за вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна; прывітальны адрас і віншаванне кіраўніка дзяржавы А. Р. Лукашэнкі жыхарам Віцебскай вобласці зачытаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. М. Тур; лаўрэат звання “Чалавек года Віцебшчыны” – дырэктар даччыннага камунальнага ўнітарнага будаўнічага прадпрыемства “Бешанковіцкая ПМК-41” В. Э. Грышан; старшыня праўлення Бешанковіцкага раённага спажывецкага таварыства Г. А. Галенка названа адной з лепшых працаўнікоў вобласці ў сферы паслуг; удзел у святочным мерапрыемстве прыняла дэлегацыя Бешанковіцкага раёна; святочны канцэрт стаў добрым падарункам удзельнікам урачыстага сходу.