У той час як для кожнага з нас навагоднія святы – перыяд актыўнага адпачынку, супрацоўнікі РАУС будуць працаваць ва ўзмоцненым рэжыме.
Як адзначыў начальнік райаддзела міліцыі Алег Рыгоравіч Новік, каб забяспечыць грамадскі парадак у святочныя дні і пазбегнуць нежаданых наступстваў ад узрываў петард і феерверкаў, аддзел унутраных спраў райвыканкама ўжо з 24 снежня нясе службу ў рэжыме павышанага кантролю за парадкам і дысцыплінай з акцэнтам на прафілактыку злачынстваў і правапарушэнняў.
Міліцыянеры праводзяць рэйды па выяўленні незаконнай рэалізацыі піратэхнічных вырабаў. Такія факты ўжо ўстаноўлены ў падлеткавым асяроддзі. Заўважым, што ўзрыў петард у грамадскіх месцах кваліфікуецца як дробнае хуліганства. Правапарушальнікі будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Ні адно масавае мерапрыемства, якое пройдзе ў розных куточках раёна ў навагоднія дні, не абыдзецца без удзелу супрацоўнікаў РАУС. Для забеспячэння грамадскага парадку ў навагоднюю ноч, напрыклад, плануецца задзейнічаць 50% асабовага складу райаддзела міліцыі.