Close
Курс валют: $ 3.533 | € 3.7148 | ₽100 3.3073 | 
 Погода в Бешенковичах: 4 °Cпасмурно

Имя М. П. Кравченки носит пионерская дружина Бочейковской школы

Хутка мы будзем  адзначаць 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нялёгкай была гэтая справа – гнаць злога, азвярэлага ворага ў яго нару. Усюды ішлі моцныя баі. Маю родную прыдзвінскую зямлю вызвалялі воіны, дом якіх быў далёка ад Беларусі. Гэта былі сыны розных народаў, адны з якіх назаўсёды засталіся тут у брацкіх магілах пад сціплымі абеліскамі з чырвонай зоркай, а іншыя пайшлі на Захад вогненнымі дарогамі вайны.

Хутка мы будзем  адзначаць 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нялёгкай была гэтая справа – гнаць злога, азвярэлага ворага ў яго нару. Усюды ішлі моцныя баі. Маю родную прыдзвінскую зямлю вызвалялі воіны, дом якіх быў далёка ад Беларусі. Гэта былі сыны розных народаў, адны з якіх назаўсёды засталіся тут у брацкіх магілах пад сціплымі абеліскамі з чырвонай зоркай, а іншыя пайшлі на Захад вогненнымі дарогамі вайны. Кожны з іх назаўсёды застаўся ў памяці людзей, дзеля якіх быў здзейснены подзвіг. Адным з такіх герояў з’яўляецца Міхаіл Панцялеевіч Краўчанка. Ён нарадзіўся ў 1914 годзе ў в. Галоўчына Барысаўскага раёна Белгародскай вобласці. Рускі па нацыянальнасці, ён загінуў за мой родны беларускі кут.
  Узнагародны ліст нам расказвае, як М. П. Краўчанка, знаходзячыся ў абароне, безупынна ўдасканальваў сваё баявое майстэрства. Ён выдатна вывучыў пісталет-кулямёт, рыхтуючыся да рашаючых баёў з ворагам нашай Радзімы. Падраздзяленне, у якім знаходзіўся гвардыі чырвонаармеец Краўчанка, атрымала баявы загад прарваць умацаваную абарону праціўніка ў паўночна-заходнім накірунку ад г. Віцебска. З ходу, не даючы замацавацца ворагу на выгадных рубяжах, 24 чэрвеня 1944 года, прайшоўшы з баямі некалькі дзясяткаў кіламетраў, Краўчанка з групай смельчакоў першым дасягнуў берагоў Заходняй Дзвіны ў раёне Узрэчча. Нягледзячы на лютае супраціўленне фашыстаў, не маючы сродкаў для пераправы, герой-гвардзеец знайшоў драўляную дошку, скінуў з сябе абмундзіраванне і з аўтаматам у руках рынуўся ўплаў. Прыклад з Краўчанкі ўзяла і астатняя група байцоў. Выкарыстоўваючы падручныя сродкі (броўны, галлё, дошкі), яны хутка фарсіравалі раку.
  Агнём аўтаматычнай зброі і ручнымі гранатамі байцы знішчылі больш за два дзясяткі гітлераўцаў, тым самым стварылі плацдарм на левым беразе Заходняй Дзвіны.  Пад прыкрыццём агню ініцыятара групы аўтаматчыкаў М. П. Краўчанкі на другі бок ракі амаль без страт пераправіўся батальён, а потым і іншыя палкі дывізіі.
  М. П. Краўчанка  ірваўся наперад, бязлітасна знішчаючы ворага. Падчас кароткага, але гарачага бою ён з’яўляўся прыкладам для байцоў усіх падраздзяленняў батальёна. Асабіста сам Краўчанка знішчыў 11 гітлераўцаў, 2-х салдат узяў у палон і захапіў шмат баявой тэхнікі праціўніка.
  Не ведаючы стомы, баец з аўтаматам у руках, як і заўсёды ў баі, праследуючы праціўніка, з ходу кінуўся ўплаў праз раку Ула ў раёне сяла Мартынава. Тут 26 чэрвеня 1944 года варожая куля абарвала яго жыццё. Краўчанка, цяжка паранены, патануў у гэтай рацэ.
  Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 ліпеня 1944 года гвардыі радавому Краўчанку Міхаілу Панцялеевічу пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
  На брацкай магіле на Кляшчынскіх могілках устаноўлены помнік воінам, якія загінулі пры вызваленні майго роднага кутка. У доўгім спісе імён – імя М. П. Краўчанкі.
  Чырвоныя следапыты нашай школы ў 70-х гадах знайшлі родных М. П. Краўчанкі: сясцёр, жонку, дачку. Былі слёзы радасці і падзякі. Жонка Таццяна Іванаўна расказала ў пісьме пра невядомыя старонкі біяграфіі Міхаіла Панцялеевіча. Нарадзіўся ён у сялянскай сям’і, скончыў 4 класы. Потым паступіў на курсы трактарыстаў. Пасля іх заканчэння працаваў на трактары ў дарожным аддзеле, потым у саўгасе. Дачка Надзея Міхайлаўна з вялікай радасцю і хваляваннем напісала, што вельмі ганарыцца сваім бацькам. Аднавяскоўцы расказвалі, што ён быў сумленным чалавекам, заўсёды прыходзіў на дапамогу, цяжкасці прымаў першым, з суседзямі дзяліўся апошнім. Цяжка было жыць без бацькі. Пасляваеннае жыццё прымусіла Надзею пайсці рана працаваць, каб дапамагаць маці.
  7 мая 1970 года піянерскай дружыне Бачэйкаўскай школы прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Міхаіла Панцялеевіча Краўчанкі. Піянеры дружыны ўдзельнічаюць у цікавых і карысных справах: праводзяць піянерскія зборы, убіраюць тэрыторыі помнікаў, збіраюць макулатуру, прымаюць удзел у школьных і раённых мерапрыемствах. І яшчэ шмат карысных спраў на рахунку актывістаў дружыны.
  Кожны год 9 Мая мы прыходзім да помніка, каб ускласці кветкі. Колькі маці не дачакаліся з вайны сыноў, жонкі – мужоў, дзеці – бацькоў! У М. П. Краўчанкі была самая мірная прафесія – трактарыст. Але прыйшлося замяніць руль на аўтамат і ісці абараняць сваю Радзіму, біць ворага. Ён аддаў жыццё за светлае будучае, за тое, каб мы жылі свабодна. І таму сёння мы, маладое пакаленне, павінны помніць пра гераізм і мужнасць тых, хто змагаўся з ворагам і выратаваў ад фашысцкага нашэсця Радзіму. Я станаўлюся на калені перад гэтымі людзьмі, бо яны не спужаліся, не страцілі цвярозую разважнасць, а білі, як маглі, ворага, набліжаючы Дзень Перамогі. А мы будзем любіць сваю Радзіму, добра вучыцца, каб быць дастойнымі славы Герояў вайны.
Марыя
Асташкевіч,
вучаніца 9 класа
Бачэйкаўскай СШ.
  Ад рэдакцыі: у адным з бліжэйшых нумароў «Зары» чытайце матэрыял Міхаіла Петрачэнкі, былога дырэктара Бачэйкаўскай школы, прысвечаны 150-годдзю ўстановы адукацыі.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

0 Comments
scroll to top