Малако ў каровы на языку. Так сведчыць народная мудрасць. І гэта пацвярджаюць справамі свіцінскія жывёлаводы.
Кіламетра за паўтара ад вёскі Пугачкі раскінуліся пашавыя ўгоддзі УП «Свіціна-ВМК». На адным з участкаў яшчэ здалёк убачылі гурт кароў, перасоўную даільную ўстаноўку, ёмістасць з вадой, будынак для пастухоў. Праўда, да абедзеннай дойкі заставалася яшчэ некалькі хвілін. У вызначаны час з чашніцкага бальшака ў напрамку дойнага статка накіраваўся трактар з прычэпам і будкай у ім. Даяркі звыклымі рухамі скінулі мяшкі з камбікормам, а потым пачалі рыхтаваць даільную ўстаноўку да прыёму жывёлы. Некаторыя буронкі, убачыўшы сваіх гаспадынь, пачалі нервова падаваць голас. У майстроў машыннага даення кароў Вольгі Сяргееўны Прылуцкай, Таццяны Іванаўны Баравец, Таццяны Іванаўны Агейчанка пачалася абедзенная дойка. У гэты дзень, па словах заатэхніка-селекцыянера Ірыны Генадзьеўны Леанавец, яна была кантрольнай.
– Кароўкі выглядаюць укормленымі, – заўважае старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Вячаслаў Міхайлавіч Долгі. – Значыць, добра правялі зімоўку і з патрэбнымі сіламі выйшлі ў поле. Калі ўлічыць добры травастой на пашы, то можна меркаваць, што гаспадарка атрымлівае неблагія надоі.
Словы вопытнага кіраўніка мелі пад сабой аснову – учарашнія паказчыкі выглядалі наступным чынам: ранішняя дойка – амаль 1200 кілаграмаў малака, абедзенная – 730 і вячэрняя – 650 кілаграмаў. Прычым, гэта ледзь не на сотню кілаграмаў прадукцыі больш, чым пазаўчарашнія паказчыкі. Няма сумнення, што і сёння валавы надой малака па гэтаму гурту, а ў ім налічваецца 163 буронкі, будзе значна большы, чым учора.