Сядзіба Івана Кульгавага з вёскі Кошчава размешчана настолькі ўдала, што ўлетку з дарогі яе з-за дрэў амаль не бачна. Месца тут сапраўды ціхае, спакойнае. У засені высокіх ліп, ясеня, клёна, дуба, шматлікіх пладовых дрэў дыхаецца лёгка, на поўныя грудзі. Адчуваецца прыемны водар чырвонай маліны, клубніц. У двары конскі воз, воддаль – пчаліныя домікі, адзін самаробны вулей размясціўся на суку тоўстага дуба, насупраць расце-наліваецца коласам густая пшанічка, за ёй – бульбачка набірае сілы, пры хаце пляце свае лазіныя ўзоры вінаград. Словам, у сапраўднага гаспадара ўсё на сваім месцы.
Івану Іванавічу не дасі 84 гады: нават з сівой барадой ён выглядае малажава. Гаспадыня таксама не адпавядае пашпартнаму ўзросту. «На такім улонні, як тут, хай дае Божанька пражыць маім субяседнікам па сотні гадкоў кожнаму», – жадаў я ім у думках.
– З гадамі ў мяне вось што атрымалася, – уступае ў гутарку Іван Іванавіч. – Я з 30-га года нараджэння, але бацька пасля вызвалення раёна ад немцаў вырашыў мяне памаладзіць на пяток гадкоў, каб на фронт не забралі, паколькі ён і так страціў там двух старэйшых сыноў. Вельмі баяўся за свайго трэцяга – самага малодшага. У далейшым такі «клопат» бацькі мог для мяне абярнуцца пяццю дадатковымі гадамі працы…
Праўда, не здарылася гэтага: апошнія 15 гадоў перад пенсіяй Іван Іванавіч працаваў кавалём у калгаснай кузні. «Гарачыя» ўмовы працы дазволілі яму пайсці на пенсію раней.
Усё жыццё Івана Іванавіча і Ганны Яўсееўны звязана з калгасам «ХХ з’езд КПСС». Змалку дапамагаў бацькам – Івану Сцяпанавічу і Ульяне Макараўне. У полі касіў, снапы з хлебам на валах ды конях вазіў у гумно, кароў-цялят пасвіў.
– Ніхто не ленаваўся, усе працавалі: і малыя, і старыя. Не тое, што цяпер… Людзей у нашай вёсцы, а гэта месца, дзе я жыву, калісьці называлася Малое Крывіна, амаль не засталося, хат за шэсцьдзясят да вайны налічвалася, цяпер пустыя сядзібы стаяць. Збяднела на людзей і вёска, і гаспадарка. Шмат памянялася тут старшынь. Найбольш талковымі з іх, лічу, былі Талстой і Булай. Шмат яны для калгаса і людзей зрабілі. Мы з жонкай таксама лянотай не хварэлі: ва ўласнай гаспадарцы пастаянна трымалі карову, мабыць, галоў з дванаццаць за жыццё памянялі, потым кабылкай разжыліся. Але ўрэшце-рэшт яна закульгала, здаць прыйшлося. Таму і вазок стаіць без справы. Ды я ўжо працаваць на поўную моц не магу – ногі адмаўляюць мяне трымаць. З кастылямі соўгаюся па двары. Хоць сілу яшчэ ў руках адчуваю…
Я глянуў на іх: шырокія, мазолістыя далоні падкрэслівалі выключную працавітасць чалавека, які і цяпер выдатна спраўляецца з касой – казу Кульгавыя трымаюць. У кузні, дарэчы, яму не было роўных. Любую работу мог пад заказ выканаць. За гэта цанілі яго, паважалі, падарункамі адзначалі.
Моцная працоўная загартоўка і ў Ганны Яўсееўны – цялят даглядала, жывёлу вартавала, шчыравала ўсюды, пакуль магла па стане здароўя. І першай танцоркай была на ўсялякіх гулянках.
Закранулі тэму вайны і акупацыі.
– Немцы, як толькі акупіравалі раён, адразу варту ля маста ў Ніжнім Крывіне паставілі, – расказвае Кульгавы, – а да нас прыйшлі толькі ў 42-м, калі партызаны з’явіліся.
Яны дастаўку мін і снарадаў ад баржаў на Дзвіне забяспечвалі. Боепрыпасы на машынах і конях нашы ваеннапалонныя дастаўлялі ў сховішчы, што на вялікай плошчы раскінуліся непадалёк ад ільнозавода. Там безліч тых мін і снарадаў было. Відаць, надоўга вораг планаваў у нас затрымацца. Для вяскоўцаў тыя немцы нічога дрэннага не рабілі, толькі зрэдку прасілі пачаставаць салам, яйкамі. Самі ж нічога не бралі, за курамі не ганяліся. Затое партызаны, як немцаў яшчэ не было, да нас прыходзілі і днём, і ноччу. То кароўку, то парася, то курчонка пагрузяць на воз і – у лес… Я разумею, што ім трэба было нешта есці.
– Раскажыце, Іван Іванавіч, як з Ганнай Яўсееўнай пазнаёміліся?
– Во!.. Ведаеш, доўга шукаў я сваю палавіну. У Астравах, што за Вярхоўем, яна жыла. Бегаць даводзілася напрамую аж за 20 кіламетраў. Цяпер сядзім і лаемся іншы раз, – хітра ўсміхаецца Кульгавы.
– Ды не слухайце вы яго, – тут жа адгукаецца жонка, – не лаемся мы… Ды і навошта гэта нам пад старасць? Проста сядзім, размаўляем, мінулае ўспамінаем…
– Купілі ў Крывіне хату, перавезлі яе на гэта месца, паставілі, – ахвотна распавядае субяседнік. – Потым розныя прыбудовы спатрэбіліся для жывёлы. Але перш сад пасадзіў. Вунь які ўжо вымахаў! У яго цяньку можна і пасядзець на лаўцы.
Прапанаваў сфатаграфавацца. Дзед спачатку не хацеў ісці на вуліцу, але бабуля Ганна лагодненька прапанавала:
– Пойдзем, мой дзядок, бо калі яшчэ давядзецца? Я хуценька, толькі прычашуся…
Вось такія мілыя і шчырыя атрымаліся яны на гэтым здымку. І ў жыцці таксама, пачынаючы з 1955 года. Амаль 60 гадкоў жывуць Кульгавыя ў міры і згодзе, дапамагаючы адзін другому, падтрымліваючы. Двух працавітых дачок і сына выгадавалі. Унукі не забываюць. Усе шануюць старэйшых, у агародзе за хворую маці завіхаюцца, таму тут і парадак.
На развітанне муж і жонка Кульгавыя доўга махалі рукамі ўслед.