Па ўсёй Беларусі праходзіць дабрачынная акцыя «Будзем разам!», у ходзе якой ветэраны і інваліды вайны атрымліваюць бясплатную паўгадавую падпіску на газету «Рэспубліка» на другое паўгоддзе 2015-га года. Магчымасць чытаць газету ўжо атрымалі дзеці вайны, блакаднікі, працаўнікі тылу, шматдзетныя сем’і.
Першы крок зрабілі і супрацоўнікі газеты «Советская Белоруссия», калі падпісчыку-ветэрану ў яго доме ўручылі газету, якую выпісалі самі супрацоўнікі. Тым самым яны далі старт акцыі, якая і атрымала назву «Будзем разам!». У такім маштабе яна праходзіць не толькі ў рамках гэтага выдання, але і ўсяго вялікага холдынгу.
Пачынанне ўжо падтрымалілі прадпрыемствы, арганізацыі, проста неабыякавыя людзі.
Напярэдадні 71-й гадавіны вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якая адзначаецца 26 чэрвеня, такая акцыя прайшла і ў нас на Прыдзвінні. Бешанковіцкі прадпрымальнік Андрэй Віктаравіч Трубецкі выпісаў на паўгода газету «Рэспубліка» і ўручыў квітанцыі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны з райцэнтра Дзмітрыю Нічыпаравічу Агейчанку і Аляксею Андрэевічу Куімаву.
Д. Н. Агейчанка на фронт пайшоў у 1944-м пасля вызвалення тэрыторыі раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яму тады не споўнілася і васямнаццаці. Ваяваў у 1920-м гаўбічным палку 1-га Украінскага фронта. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Берліна», «За Перамогу над Германіяй», «За вызваленне Прагі».
А. А. Куімаў ваяваў з 1942 па 1945 гады на Паўночна-Каўказскім, 1-м і 2-м Беларускіх франтах у складзе 120-й Віцебскай стралковай дывізіі, а таксама ў асобнай Прыморскай арміі (1943–1944 гг.) разведчыкам. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 1-й ступені, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «За абарону Каўказа», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За Перамогу над Германіяй».