Close
Курс валют: $ 3.533 | € 3.7148 | ₽100 3.3073 | 
 Погода в Бешенковичах: 3 °Cпасмурно

Молодёжь Бешенковичского района познакомилась с традициями проведения рождественских обрядов

Воплотить идею в жизнь и организовать "Рождественские забавы" взялись воспитанники объединения по интересам "Наследие" вместе с его руководителем З. В. Каравач и педагогом-организаторам И. В. Скребло.

Славянскі народны святочны комплекс зімовага каляндарнага перыяду, які складаецца з дванаццаці святочных дзён «ад зоркі і да вады» (іншымі словамі ад з’яўлення першай зоркі напярэдадні Калядаў і да вадохрышчанскага асвячэння вады) называюць Святкамі. Неад’емнымі атрыбутамі гэтых святочных дзён з’яўляліся пераапрананне (з выкарыстаннем шкур, масак і рагоў), калядаванне, адорванне калядоўшчыкаў, маладзёжныя гульні, варажба.


Знаёміць маладое пакаленне з традыцыямі бацькоў і дзядоў, захоўваючы і прымнажаючы культурную спадчыну, імкнуцца ў раённым Цэнтры дзяцей і моладзі, дзе вырашылі правесці абрад Каляды. Увасобіць ідэю ў жыццё і арганізаваць «Калядныя пацехі» ўзяліся выхаванцы аб’яднання па інтарэсах «Спадчына» разам з яго кіраўніком З. В. Каравач і педагогам-арганізатарам І. В. Скрабло.


Па народным звычаі, Каляды пачыналіся вячэрай у родным доме. Жанчына, паважаная і старэйшая з сям’і, пякла круглы хлеб. Усе родныя збіраліся за сталом. Засцілалі яго абрусам, пад які клалі салому ці сена. На стале ставілі калядную куццю. Абавязковай стравай быў таксама пірог, яшчэ пяклі да свята фігуркі жывёл з пшанічнага цеста – каровак, авечак, козачак, пеўнікаў ды курачак і чалавечкаў-пастушкоў. Імі ўпрыгожвалі сталы, вокны хаты, іх пасылалі ў падарункі родным, суседзям, знаёмым і дзецям, імі адорвалі калядоўшчыкаў.


Ролю галоўных герояў «Калядных пацех» – бабулі Ганны і ўнучкі Галінкі – прымерылі Карына Ляўкова і Ксенія Дубавец. Яны запрасілі дзяўчат і хлопцаў, якія сабраліся ў зале экалагічнага аддзела РЦДіМ, паўдзельнічаць у свяце. Дзеці дапамаглі бабулі і ўнучцы выбраць абрус патрэбнага колеру на стол і стравы, якія павінны яго ўпрыгожыць, пазнаёміліся з сакрэтам прыгатавання куцці.


Адной з характэрных рыс Святак з’яўляецца калядаванне, апрананне кажухоў поўсцю наверх, нашэнне звярыных масак, шумныя карнавальныя скокі ў дамах і на вуліцах. Хлопцы і дзяўчаты з цікавасцю пераапраналіся ў калядоўшчыкаў, шчодра асыпалі пажаданнямі гаспадынь. Потым у госці да бабулі Ганны і яе ўнучкі Галінкі зазірнулі і сапраўдныя калядоўшчыкі з казой, песнямі, танцамі, шчадроўкамі. Яны разыгралі цэлае прадстаўленне.


«Калядныя пацехі» закруцілі ўсіх у карагодзе весялосці і гарэзлівасці. Дзеці спаборнічалі ў скоках на драўляных коніках, адгадвалі загадкі, спрабавалі асвоіць дудку, бубен, трашчотку, калатушку і іншыя незвычайныя музычныя інструменты, гулялі «У арэхі» і «Ляскалкі». Безумоўна, не абышлося без варажбы. Загадвалі на суджанага, яго характар, варажылі аб будучым замужжы, аб багацці і беднасці, аб здароўі і хваробе. На развітанне, як таго і патрабуе народны звычай, госці і гаспадыні зычылі адзін аднаму шчасця ды долі, гора ніколі, добрага здароўя ды заможнасці.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Leave a comment
scroll to top