Пасля ліквідацыі вярхоўскага свінакомплекса «Свіціна-ВМК» засталося практычна ні з чым. Гаспадарку трэба было адраджаць нанова. Адказнасць за гэта ўзяла на сябе Людміла Пятроўна Мамойка. У сельскай гаспадарцы яна не навічок. Ёсць пэўны вопыт кіраўніцтва.
І трэба сказаць, што ў выбары дырэктара прадпрыемства не памыліліся – жанчына ўзялася за справу адразу і рашуча. Абнадзейваючыя вынікі сталі праяўляцца паступова, але ўпэўнена.
У кабінеце дырэктара
Мы вырашылі сустрэцца з Л. П. Мамойка і пагутарыць пра справы надзённыя.
– Рамонт глебаапрацоўчай і пасяўной тэхнікі мы практычна завяршылі, – расказвае Людміла Пятроўна. – Сёлета давядзецца пасеяць тысячу гектараў яравых. Летась азімы клін заняў 1500 гектараў, з якіх 300 гектараў рапсу.
Радуе тое, што людзі нашы працалюбівыя і добрасумленныя. Да даручанай справы ставяцца з выключнай адказнасцю. Гэта вельмі важна пры вырашэнні задач, якія пастаўлены перад сельгаспрадпрыемствам. Вядома, у нялёгкай эканамічнай сітуацыі, у якой апынулася наша прадпрыемства, складана аднаўляць вытворчы працэс. Але мы гэта робім з ясным усведамленнем неабходнасці новых пераўтварэнняў у сістэме гаспадарання, рыначных адносін, падыходу да праблемы, ломкі старых стэрэатыпаў. Мы шукаем новае, перадавое і больш таннейшае, але без ўрону для земляробства, жывёлагадоўлі, усіх працуючых у нас людзей. Пра іх наш асаблівы клопат.
Пра сваіх работнікаў кіраўніцтва «Свіціна-ВМК» сапраўды клапоціцца: капітальна адрамантавалі дарогу на Васкрасенцы, каб тэхніка ў любое надвор’е магла праехаць да сянажных ям без перашкод. Для падвозкі жывёлаводаў да месца работы выдзелілі спецыяльную машыну, рэканструявалі жывёлагадоўчыя памяшканні ў Вярхоўі: тут з’явілася новая даільная зала з усёй патрэбнай інфраструктурай для працы і кароткага адпачынку даярак, абслугоўваючага персаналу. Лепш стала працаваць людзям і на іншых фермах.
Справы вытворчыя
Пазалетась і летась свіцінцы пашчыравалі на нарыхтоўцы кармоў, назапасіўшы іх пад поўную патрэбнасць для сытнай зімоўкі грамадскага пагалоўя. Гэта адразу сказалася на выніках работы. Напрыклад, за 2013 год валавая вытворчасць малака склала па гаспадарцы больш за 1,7 тысячы тон. За мінулы год гэта лічба значна павялічылася і дасягнула 2,3 тысячы тон каштоўнай прадукцыі. Прыбаўка відавочная.
– Па выніках работы за 2014 год лепшых паказчыкаў сярод майстроў машыннага даення кароў дабілася даярка з вярхоўскай фермы Валянціна Міхайлаўна Слабодчыкава. Сярэдні надой у яе групе склаў 6887 кілаграмаў малака на карову. Гэта на 700 кілаграмаў больш, чым летась. Добрых вынікаў у працы дабіваецца і яшчэ адна даярка гэтай фермы – Таццяна Яўгенаўна Семяніда.
Разам з дырэктарам наведалі ферму «Вярхоўе». Адразу кінуліся ў вочы парадак і чысціня ў памяшканнях. Ні лішніх размоў, ні руху – спакойная рабочая абстаноўка. Даяркі рыхтаваліся да другой дойкі. Т. Я. Семяніда і В. М. Слабодчыкава з даільнымі апаратамі накіроўваліся да месца даення буронак.
– Цяпер у маёй групе 32 дойныя каровы, астатнія – у запуску, чакаем прыплоду, – гаворыць Валянціна Міхайлаўна. – За суткі надойваю прыкладна 660 кілаграмаў малака. Умовамі працы задаволена. Таму і працуецца лёгка…
Жанчынам было некалі весці гутарку – работа чакала. Таму яны хутка накіраваліся да сваіх чорна-пярэстых буронак.
Тут жа сустрэлі і заатэхніка-селекцыянера А. І. Легана. Пацікавіліся ў яго справамі на ферме.
– На гэтай пасадзе я толькі тры месяцы, – гаворыць Аляксандр Іванавіч. – Даяркі нашы сумленныя, сапраўдныя працаўніцы. Да службовых абавязкаў ставяцца адказна. У калектыве пануюць толькі рабочая атмасфера і дысцыпліна. Сваю работу яны ведаюць дасканала. А наша служба, у сваю чаргу, імкнецца паляпшаць селекцыйную работу, вытворчы матэрыял выкарыстоўваем толькі ад высокапрадукцыйных быкоў. Таму і патомства атрымліваецца якаснае. А гэта прыбытак. Правільна гаварылася на семінары ў Драздах: аснова асноў – жывёлагадоўля. Малако і мяса даюць магчымасць жыць і развівацца гаспадарцы далей, пераадольваць цяжкасці рознага характару. Мы гэта добра разумеем, таму сумесна з райветслужбай стараемся працаваць з поўнай аддачай і карысцю.
Машынны двор
Цяпер зазірнём на машынны двор, там павінны закончыць рамонт пятага чызеля, запчасткі да яго дасталі, – гаворыць Людміла Пятроўна.
Тут нас сустракае галоўны інжынер гаспадаркі Аляксей Уладзіміравіч Гурко і прапаноўвае пазнаёміцца з фронтам рамонтных работ. Зазірнулі разам у памяшканне рамонтнай майстэрні. Там кіпіць работа. На пярэднім плане механізатар накачвае задняе кола энерганасычанага трактара.
– Толькі што «пераабуў» новую гуму, – тлумачыць Гурко, – учора прывезлі замену зношанай. А цяпер пройдзем далей. Там толькі што закончылі рамонт чызеля. Ён пяты па ліку. Астатнія ў рабочым стане…
– У 2011 годзе галоўны інжынер разам з бацькам-механізатарам прымаў удзел у рэспубліканскіх «Дажынках» ад Чашніцкага раёна, – расказвае па дарозе Людміла Пятроўна. – Цяпер ён у нас працуе. Добры спецыяліст і руплівы працаўнік…
Тут жа чызель падчапляе да свайго трактара «МТЗ-3032» адзін з лепшых механізатараў гаспадаркі Сяргей Іванавіч Каралёў.
– Паставіў стойкі і лапы. У цэлым рамонт чызеля зроблены якасна, – упэўнена гаворыць Каралёў. – Не падвядзе ў рабоце!
– Летась механізатар выдатна папрацаваў на ворыве глебы, сяўбе яравых і азімых збожжавых, – дадае дырэктар. – Адрамантаваў сеялку, цяпер вось разабраўся з чызелем. Выключны механізатар і чалавек!
Апошнія ўказанні кіраўніку інжынернай службы наконт выканання неадкладных задач на сённяшні дзень дае Л. П. Мамойка, і мы зноў у яе машыне. Шлях – на Васкрасенцы.
У Васкрасенцах
-Там таксама працуюць прафесіяналы сваёй справы. Сянаж да фермаў дастаўляюць, – удакладняе Людміла Пятроўна.
Мы рухаемся па роўнай і ўкатанай прасёлачнай дарозе. Ля сянажнай ямы поўным ходам ідзе работа. Пагрузчык заканчвае загрузку «МАЗа». На чарзе – другі.
– Вось знаёмцеся: вадзіцелі – Мікалай Аляксеевіч Дрозд і Аляксандр Уладзіміравіч Аскера. А грузіць корм Іван Аляксеевіч Чачанец. Працуюць яны добрасумленна. Гэта наша гордасць, – хваліць шафёраў і механізатара дырэктар. – Яны не толькі тут шчыруюць. Сваё майстэрства і спрыт прадэманстравалі летась: хто ў час палявых работ, хто на пагрузцы насення ў сеялкі, хто на нарыхтоўцы корму і апрацоўцы глебы. Словам, усе працавалі так, як яны гэта ўмеюць рабіць: хутка і якасна.
Эпілог
Так, не шкадуе Людміла Пятроўна Мамойка добрых слоў у адрас сваіх падначаленых, калі яны іх заслугоўваюць. Не любіць яна трываць абыякавасці, неахайнасці ў рабоце, таму можа падбадзёрыць адстаючых, калі гэта патрэбна. Ад кожнага працаўніка ў роўнай ступені патрабуе вытворчай дысцыпліны, аддачы, ініцыятывы. А без гэтага нельга. Таму што і сама працуе па такім прынцыпе. І зрухі да лепшага ўжо істотна намеціліся – вытворчыя паказчыкі таму сведчанне.