Сяргей Сямёнавіч Язеў, бадай, адзіны з ураджэнцаў прыдзвінскага краю, каму давялося ваяваць з лётчыкамі іншых замежных краін, ахоўваючы неба КНДР у пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Але лётчыкам ён стаў значна раней…
25 студзеня 1931 года 9-ы з’езд камсамола кінуў крылаты лозунг: «Кожны камсамолец – на самалёт!» Заклік выклікаў вялікі прыток моладзі ў авіяцыйныя клубы.
Стаў курсантам і камсамолец з вёскі Гняздзілава Сяргей Язеў. Праўда, гэта адбылося ў самым пачатку вайны, калі ў 1941-м яго прызвалі ў Чырвоную Армію. А на фронт трапіў толькі ў маі 1944 года. Ваяваць пачаў у 267-м знішчальным Чырвонасцяжным авіяпалку, які ўваходзіў у склад 4-га Украінскага фронта.
Малодшы лейтэнант Язеў удала ўліўся ў рады паветраных асаў, паколькі ўжо 9 верасня камандзір 2-й авіяэскадрыллі, дзе ваяваў наш зямляк, капітан Корнеў піша ва ўзнагародным лісце: «За паспяховае правядзенне 31 баявога вылету на поле бою, актыўны ўдзел у баях у Львоўскай і Станіслаўскай аперацыях і ўдзел у вызваленні Малдаўскай ССР прадстаўляю да першай урадавай узнагароды – ордэна Айчыннай вайны 1-й ступені».
Прадстаўленне свайго падначаленага ў той жа дзень падтрымаў і камандзір 267-га знішчальнага авіяцыйнага Чырвонасцяжнага палка Герой Савецкага Саюза маёр С. С. Шчыраў. «Дастойны,» – напісаў ён і паставіў свой подпіс.
У апісанні подзвіга гаворыцца: » У перыяд з 13.07.1944 па 28.07.1944 года зрабіў 15 баявых вылетаў. Асабліва тав. Язеў вызначыўся ў час вызвалення Малдавіі. Знаходзячыся ў авіязвяне лейтэнанта Корзуна, у непасрэдным падпарадкаванні камандуючага 17-й Паветранай Арміі, выконваў лётнае баявое заданне па суправаджэнні штурмавікоў «Іл-2″ эскадрыллі Героя Савецкага Саюза маёра Кобелева ў час прарыву абароны праціўніка на Днястры і ліквідацыі Кішынёўскай групоўкі праціўніка. Сумесна са штурмавікамі лётчык-знішчальнік штурмаваў жывую сілу і тэхніку праціўніка. За актыўны ўдзел у баях па вызваленні Малдавіі мае падзяку ад камандуючага 17-й Паветранай Арміі».
Вясной 1945 года той жа камандзір палка падпісвае чарговы ўзнагародны ліст на старшага лётчыка Язева. На гэты раз на ордэн Чырвонай Зоркі. І было за што: ажыццявіў 61 баявы вылет, удзельнічаў у 8-мі паветраных баях і ў пары збіў 2 варожыя самалёты. Паспяхова дзейнічаў пры вызваленні Белграда.
Далейшы баявы і жыццёвы шлях ураджэнца Бешанковіцкага раёна Сяргея Сямёнавіча Язева, 1923 года нараджэння, не прасочваецца. Акрэсліваецца ён толькі ў 1952 годзе ў час Карэйскай вайны. Туды трапілі толькі вопытныя лётчыкі-франтавікі. Сярод іх быў і Сяргей Язеў, прызваны Віцебскім ГВК. Відаць, пасля Вялікай Айчыннай ён жыў і працаваў у горадзе на Дзвіне.
Спачатку наш зямляк прайшоў перападрыхтоўку. Прыйшлося перавучыцца лётаць і страляць на новым самалёце-знішчальніку «Як-15». І толькі пасля гэтага старшага лейтэнанта Язева прызначылі па пасаду старшага лётчыка 2-й авіяэскадрыллі 16-га знішчальнага авіяпалка 97-й знішчальнай авіядывізіі. Так ён апынуўся ў небе Карэі для аказання дапамогі ў барацьбе з амерыканскімі самалётамі.
На жаль, адзін з першых вылетаў для яго аказаўся трагічным. У небе над горадам Аньдун 5 жніўня 1952 года самалёт Язева быў атакаваны і падбіты звяном самалётаў «Ф-86». Сяргею прыйшлося катапультавацца. Загінуў трагічна пры прызямленні. На той час яму было 29 гадоў. «Гэта была апошняя страта ў складзе 16-га авіяпалка і апошняя ахвяра ў 97-й авіядывізіі ў гэтай вайне, і 161-я па ліку», – піша ў сваёй дакументальнай кнізе «Чырвоныя д’яблы» ў небе Карэі» рускі гісторык І. Сейдаў. З воінскімі ўшанаваннямі наш зямляк быў пахаваны ў г. Порт-Артуры, размешчаным ў паўднёвай Маньчжурыі, на паўночным усходзе Кітая. Тут жа пахавана 245 савецкіх лётчыкаў, збітых у час карэйскай вайны 1950-1953 гадоў.
Пакуль не ўдалося адшукаць фота нашага земляка. Будзем спадзявацца, што пасля гэтай публікацыі адгукнуцца яго родныя ці знаёмыя і дапамогуць нам у гэтым.