Працавітых людзей у сельгаспрадпрыемстве «ПалітаддзелецАгра» шмат. Не раз яны выходзілі пераможцамі раённага спаборніцтва ды і на фоне вобласці не былі апошнімі.
Сярод перадавікоў – муж і жонка Васіль Юр’евіч і Алена Віктараўна Мухі (на здымку).
Па выніках работы за мінулы год гэты сямейны тандэм паказаў высокі ўзровень прафесійнага майстэрства і зайздросную адданасць сваёй справе. Дастаткова сказаць, што валавыя прывагі гадаванцаў іх групы за год склалі больш за 41 тону, сярэднясутачныя – 1052 грамы. У параўнанні з узроўнем 2013 года яны выраслі адпаведна на 4 і 8,6 працэнта.
– Пяты год даглядаю маленькіх цялятак прафілакторнага перыяду, яшчэ 15 працавала на дарошчванні, – расказвае Алена Віктараўна. – Цяпер у нашай групе 115 гадаванцаў. Раней было галоў 160-170.
– Тады два разы ў месяц перадавалі на дарошчванне цялят, цяпер раз у два месяцы, – ахвотна ўступае ў гаворку Васіль Юр’евіч. – Да працы прывыклі: у чатыры гадзіны раніцы мы ўжо тут, на ферме. Дамоў – а 10-й гадзіне вечара.
– Там таксама гаспадарка ёсць, – працягвае гаворку жанчына. – Карова, парасяты, куры… Без асабістага падворка ў сельскай мясцовасці нельга. Ды дзеткі ўвагі патрабуюць. Іх у нас двое – сыны Жэня і Дзіма. Адзін у 11-ы клас ходзіць, другі – у 7-ы. Працавітыя яны ў нас – і дома па гаспадарцы дапамагаюць, і на рабоце.
– А якую ж, Алена Віктараўна, ваш старэйшы сынок вызначыў для сябе будучую спецыяльнасць? Можа па вашай сцяжынцы пойдзе?
– Праца наша дастаткова цяжкая. Жэня гэта бачыць. А душа ў яго больш ляжыць да навукі. Праграмістам марыць стаць, а таму сур’ёзна рыхтуецца да паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову…
Застаецца пажадаць гэтым старанным працаўнікам поспехаў і новых здабыткаў. А Яўгенію – ажыццяўлення яго мары.