З добрым настроем сустракаюць сваё прафесійнае свята начальнік аддзела пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Антаніна Віктараўна Русецкая і галоўны спецыяліст гэтага ж аддзела Таццяна Пятроўна Захарэнка, нягледзячы на тое, што іх праца напружаная і патрабуе пастаяннай канцэнтрацыі ўвагі пры абслугоўванні кліентаў. А іх бывае шмат штодзень: то заходзяць непасрэдна ў кабінет, то тэлефануюць, каб атрымаць вычарпальныя адказы на хвалюючыя пытанні, звязаныя з атрыманнем, налічэннем пенсій і дапамог. Даць кваліфікаваную кансультацыю ў аддзеле заўсёды гатовы і рады.
– Асабліва ўзрасла колькасць званкоў пасля Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №570 ад 8 снежня 2014 года «Аб удасканаленні пенсіённага забеспячэння ў мэтах павышэння ўзроўню пенсіённага забеспячэння асобных катэгорый грамадзян, якія маюць вялікі стаж работы», – расказвае Таццяна Пятроўна. – Але мы стараемся зрабіць так, каб чалавек, які звярнуўся да нас, застаўся задаволеным.
– У нас на ўліку 6214 атрымальнікаў пенсій і дапамог, з іх 5924 – працоўных і сацыяльных пенсій, – на момант адарвалася ад папер Антаніна Віктараўна. – Фронт работы вялікі – займаемся прыёмам грамадзян, назначэннем пенсій і іх пераразлікамі, кансультуем па тэлефоне, робім запыты адносна стажу і заробкаў будучых пенсіянераў, выдаём распараджэнні на недаатрыманую пенсію, праводзім стажыроўку і семінары з кадравікамі арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў, архівіруем пенсіённыя справы… Словам, даводзіцца вырашаць шмат пытанняў. Але нічога – спраўляемся!
Ад душы віншуем гэтых шчырых жанчын і іх калег з Днём работнікаў сацыяльнай абароны. Жадаем здароўя, сямейнага шчасця і дабрабыту!