У ЗАТ «ААБ-Агра Наватар»марудзіць з падкормкай азімых не сталі. Як толькі зямля падсохла, у гаспадарцы прыступілі да работы. Выбралі ўчастак ля вёскі Семянцова, вызначыліся з механізатарамі, тэхнікай, адказнымі. І справа пайшла.
Своечасова дастаўляе КАС на поле механізатар Андрэй Іванавіч Страмко. Васьмітоннай ёмістасці хапае на 14 заправак.
Непасрэдна падкормкай азімых на гэтым полі заняты механізатар В. П. Берднік на агрэгаце «Раса».
— У маёй бочцы змяшчаецца каля 600 кілаграмаў мінеральнага ўгнаення, — расказвае Віктар Пятровіч. — Яго хапае на 3 гектары азімых. За адзін заход падкормліваецца паласа шырынёй 18 метраў. Не дапусціць прамежкаў паміж падкормленым участкам і не падкормленым дапамагае навігатар. «Раса» бегае хутка. Таму запраўляцца даводзіцца даволі часта. Рабоце спадарожнічае добрае надвор’е і жаданне працаваць хутка і якасна.
—Поле, дзе мы працуем, займае плошчу 80 гектараў, — уступае ў гутарку аграном-агратэхнік Наталля Генадзьеўна Вядзернікава. — Яно, як бачна, дастаткова спрыяльнае для эфектыўнай і бесперабойнай работы на працягу ўсяго светлавога дня. Тут вырошчваецца азімая пшаніца. У рабоце мне дапамагаюць начальнік участка Аляксандр Андрэевіч Дашкевіч і механізатар Дзмітрый Дзмітрыевіч Міленка.
Па стане на 20 сакавіка, у гаспадарцы было падкормлена 320 з 2350 запланаваных гектараў азімых.
А тым часам у раёне пачалася і сяўба яравых збожжавых. Першымі яе распачалі прадстаўнікі ўнітарнага прадпрыемства «Свіціна-ВМК». Ім і ўсім земляробам Прыдзвіння мы шчыра гаворым: у добры шлях, нашы дарагія хлебаробы!