Як толькі сышоў снег, прадстаўнікі Бешанковіцкага сельвыканкама і РЦГЭ пачалі аб’язджаць населеныя пункты аднайменнага сельсавета. Шлях «інспектараў» пралягаў у вёску Дразды.
На вуліцы Новай практычна ніхто з гаспадароў не прыступаў да навядзення парадку ў сваіх падворках. Напрыклад, адзін з двароў хутчэй нагадваў стаянку тэхнікі. Тут месціліся легкавы аўтамабіль, два трактары, прычэп, воддаль ляжала кабіна ад трактара, колы. Тэрыторыя двара была неагароджана. Прадстаўнікі РЦГЭ Вера Уладзіміраўна Фаміна і Наталля Аляксандраўна Долгая, а таксама старшыня Бешанковіцкага сельвыканкама Мікалай Уладзіміравіч Чашынскі пакінулі гаспадару пісьмовы напамін аб неабходнасці навесці парадак у двухтыднёвы тэрмін.
Былі прад’яўлены прэтэнзіі некаторым гаспадарам дамоў і двароў па вуліцы Маладзёжнай. А ля вясковых могілак, увогуле, утварылася звалка смецця.
– Два дні назад я аб’язджаў гэту тэрыторыю, яна была чыстай, – абураецца старшыня Бешанковіцкага сельвыканкама. – Трэба правесці гутарку з жыхарамі, што жывуць побач з могільнікам – мабыць, без іх тут не абышлося…
Беспарадак назіралі таксама на тэрыторыі, дзе размешчана вытворчасць прыватнага прадпрымальніка. Тут ляжала куча металалому, побач знаходзілася звалка смецця, валяліся скрынкі, кавалкі бітай цэглы.
– Пакуль мы толькі можам папярэдзіць словамі. У далейшым, калі не будуць выкананы нашы патрабаванні, наступіць пара штрафных санкцый, – папярэдзіла прадпрымальніка Вера Уладзіміраўна Фаміна.
– Як толькі падсохне, парадак будзе наведзены, – паабяцаў той членам рэйдавай брыгады.
У вёсцы Пяцігарск правяраючыя папярэдзілі яшчэ аднаго гаспадара, у двары якога было шмат смецця і сучча ад пладовых дрэў. Мужчына віну прызнаў адразу і паабяцаў навесці парадак ля хаты за некалькі дзён.
Яму таксама члены рэйдавай брыгады паабяцалі прыехаць у вёску яшчэ раз і праверыць як выканана іх прадпісанне.