— Хваліцеся, Людміла Пятроўна, сваімі перадавікамі на сяўбе і як яна наогул праходзіць? – звяртаемся да выконваючай абавязкі дырэктара ўнітарнага прадпрыемства “Свіціна-ВМК” Л. П. Мамойкі. – Па дадзеных упраўлення райсельгасхарчу, гаспадарка ідзе ў лідарах сёлетняй сяўбы.
— Неяк непрыгожа хваліцца, але справы на полі ў нас ладзяцца, — заўважае Людміла Пятроўна. – Каб не надвор’е, якое перашкаджала працаваць на поўную моц, то сяўбу яравых збожжавых і зернебабовых мы б ужо закончылі. Праўда, на гэтым тыдні плануем з ёю справіцца і тым самым укласціся ў спрыяльныя тэрміны. А перадавікі, вядома, у нас ёсць. Давайце наведаемся на поле.
Разам з кіраўніком сельгаспрадпрыемства “Свіціна- ВМК” едзем у чашніцкім напрамку. Неўзабаве спыняемся. Бачны маштабы работы: воддаль на ўзгорку збіраецца каменне з поля, непадалёку рыхтуецца глеба пад сяўбу. Справа ад дарогі шчыруе на “МТЗ-3022” з сеялкай “АПП-6” механізатар Юрый Аляксеевіч Любачка. Злева размясціўся раскідвальнік мінеральных угнаенняў “РДУ-3”, побач – іх падвозчык. Ля апошняга завіхаюцца газаэлектразваршчык Уладзіслаў Фёдаравіч Чэпік, механізатар Аляксей Уладзіміравіч Шчука — здарылася нязначная паломка ў трактары.
— Праўда, затрымка складзе паўгадзіны, не больш, — супакойвае Уладзімір Фёдаравіч. – Адрамантуем – і за працу!
А мы падыходзім да механізатара на сеялцы.
— Гэта Юрый Аляксеевіч Любачка, наш знакаміты механізатар, — знаёміць Людміла Пятроўна. – Ён – надзея гаспадаркі: чалавек працавіты, дысцыплінаваны.
— З сеялкай працую з 2009 года, — расказвае механізатар. – Калі добрая контурнасць поля, то ёсць дзе паказаць спрыт і ўменне: за светлавы дзень да 40 гектараў пасеяць можна пры норме 20 гектараў.
— А хто за якасцю сочыць? – пытаюся ў механізатара.
— А гэта справа галоўнага агранома Яўгена Уладзіміравіча Міцькаўца. – Ён на полі з намі пастаянна. Да яго патрабавальнасці мы прывыклі, таму самі стараемся не дапускаць агрэхаў на сяўбе… Ну, мне пара за працу…
Юрый Аляксеевіч спрытна заскочыў у кабіну свайго магутнага колавіка і той рушыў пракладваць далей насенныя трасы будучага ўраджаю.