Лазертаг, ці лазерны бой – высокатэхналагічная гульня, што адбываецца ў рэальным часе і прасторы. Сутнасць гульні заключаецца ў паражэнні гульца сапернікам бяспечнымі лазернымі стрэламі з бластара-аўтамата.
Непасрэдна «паражэнне» гульца адбываецца шляхам рэгістрацыі прамяня бластара-аўтамата адмысловым датчыкам апанента (сэнсарам), замацаванымі на адзенні гульца на адмысловай камізэльцы (павязцы).
З нагоды Дня моладзі ў цэнтральным парку прайшла цікавая і захапляльная гульня «Лазертаг». Арганізатарамі яе выступілі РК ГА «БРСМ» і клуб з Віцебска «HEADSHOT CLUB». Галоўнай мэтай мерапрыемства было ўшанаванне памяці салдатаў Вялікай Айчыннай вайны, якія загінулі за Радзіму.
– Гульня вучыць працаваць у камандзе, абыходзіцца са зброяй, развіваць хуткасць мыслення, – расказала першы сакратар РК ГА «БРСМ» Таццяна Аляксандраўна Жукоўская. – Дадзенае мерапрыемства таксама праводзіцца дзеля прапаганды здаровага ладу жыцця, умацавання сяброўскіх сувязяў. У ім прымаюць удзел школьнікі і актыўная моладзь. І ў гэты раз відовішча, якое сабрала вельмі шмат гледачоў, было невымоўна цікавым і займальным. Першае месца заваявала каманда з Астроўна. Пераможны кубак «ваяры» атрымалі з рук кіраўніка клуба «HEADSHOT CLUB».
Гульня праходзіць у нашым раёне ўжо не першы год. Яна дапамагае выхоўваць патрыётаў, далучае моладзь да актыўнага адпачынку на свежым паветры.