З 20 ліпеня па 8 жніўня на Бешанковіччыне ў чарговы раз праходзіла Асавецкая археалагічная экспедыцыя, якая прысвечана даследаванням унікальнага археалагічнага комплексу неаліту – бронзавага веку на тэрыторыі Беларусі і Усходняй Еўропы – Крывінскага тарфяніка.
Напярэдадні завяршэння археалагічнай экспедыцыі карэспандэнт «Зары» завітала на размову да галоўнага захавальніка фондаў раённага гісторыка-краязнаўчага музея С. П. Леаненкі.
– Ужо, можна сказаць традыцыйна, узначальваў экспедыцыю старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Максім Міхайлавіч Чарняўскі. Трэба адзначыць, што археалагічныя даследаванні атрымалі велізарны рэзананс. Так, на Бешанковіччыну прыязджалі сталічныя журналісты. Не пакінулі без сваёй увагі гэтыя раскопкі і прыдзвінскія школьнікі.
Экскурсію арганізавала настаўніца гісторыі СШ №2 райцэнтра Алена Міхайлаўна Гладкова. Заручыўшыся падтрымкай Станіслава Леаненкі, шасцікласнікі (СШ №2 і гімназіі-інтэрната) разам з настаўніцай рушылі да вёскі Асавец.
– Ведаеце, непадрыхтаваных дзяцей на археалагічныя даследаванні везці не было сэнсу, таму мы вырашылі правесці ў раённым музеі азнаямляльны ўрок – прадэманстравалі відэафрагмент пра тое, як праводзяцца падобныя раскопкі, – расказаў Станіслаў Пятровіч Леаненка. – І толькі пасля прагляду стужкі мы адправіліся ў наша падарожжа.
Спачатку школьнікаў пазнаёмілі з палявым лагерам, затым яны наведаліся на месца, дзе навукоўцы праводзілі свае работы. Хлопцам і дзяўчатам удалося не толькі паназіраць за археолагамі, але і ўнесці свой маленькі ўклад у гэтую вялікую справу: юныя бешанковіцкія даследчыкі ўдзельнічалі ў пераборцы пад’ёмнага матэрыялу.
На працягу 15 дзён нароўні з дарослымі і мацёрымі валанцёрамі адпрацаваў навучэнец 10-га класа гімназіі-інтэрната Канстанцін Хвалюта, за што атрымаў падзяку ад кіраўніка археалагічнай экспедыцыі. Унёс уклад таксама наш зямляк, магістрант геафака БДУ Ягор Левачоў.
У гэтым годзе на доследным участку стаянкі «Асавец-2» археолагі дайшлі да «мацерыка» – месца, з якога пачынаўся культурны пласт. Сярод знаходак шмат керамікі, у тым ліку развал керамічнага чыгунка (са знойдзеных фрагментаў можна ўстанавіць яго форму і памер), драўляныя колкі ад нейкіх пабудоў, крамянёвыя нажы і скрабкі. Вялікая колькасць фрагментаў костак жывёл, якімі сілкаваліся першабытныя людзі (куніцы, лісы, ласі, мядзведзі). Унікальнай знаходкай можна лічыць бурштынавую падвеску, якая была дастаўлена на нашу тэрыторыю прыкладна 4,5 тысячы гадоў назад з узбярэжжа Балтыйскага мора.