2015-ы год у Беларусі аб’яўлены Годам моладзі. А гэта значыць, што рашэнне праблем маладога пакалення знаходзіцца ў фокусе ўвагі ўсіх структур дзяржавы і грамадства.
У краіне ажыццяўляецца мноства праектаў, накіраваных на рэалізацыю патэнцыялу моладзі ва ўсіх сферах, фарміраванне ў маладога пакалення актыўнай жыццёвай пазіцыі, выяўленне і падтрымку таленавітай і адоранай моладзі, фарміраванне здаровага ладу жыцця. Асаблівая ўвага надаецца арганізацыі занятасці, падтрымцы маладзёжнага прадпрымальніцтва, працы з маладымі спецыялістамі.
Цяпер – разгар сезона для студатрадаў. Прыемна, што ў цэлым студатрадаўскі рух падтрымліваецца на самым высокім узроўні. Кіраўнік дзяржавы, урад, выканаўчая ўлада на месцах выступаюць як адзіная каманда па развіцці дадзенага руху.
Напрыклад, БелАЭС указам Прэзідэнта нададзены статус ўсебеларускай маладзёжнай будоўлі. Моладзь працуе тут ужо другі сезон. У 2014 годзе на галоўнай маладзёжнай будоўлі былі заняты 209 «байцоў» студатрадаў, у гэтым годзе іх ужо больш за 400 чалавек. Гэта 20 беларускіх лінейных атрадаў і 3 атрады студэнтаў з Расіі. Сёння будоўля на БелАЭС – гэта прыклад таго, як моладзь не проста працуе, а яшчэ і сябруе, мае зносіны ў рамках Саюзнай дзяржавы.
Прыклады станоўчага вопыту ў развіцці студатрадаўскага руху можна знайсці і ў нашым раёне. У гэтым годзе, напрыклад, на базе ААТ «Бешанковічы аграсервіс» створаны студэнцкі атрад «Камбайнеры». Дарэчы, падобны праект, які рэалізуецца на Бешанковіччыне, сёлета адзіны ў Віцебскай вобласці.
У склад студэнцага атрада ўвайшлі 7 юнакоў, якія спасцігаюць тэорыю сельскагаспадарчых прафесій у розных навучальных установах, а падчас летняга адпачынку аб’ядналіся ў адзіны тандэм, змянілі парты і падручнікі на штурвалы камбайнаў і прыйшлі на дапамогу гаспадарцы ва ўборцы збожжавых і зернебабовых культур.
Напрыклад, Аляксандр Асташкевіч вучыцца ў Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі, Антон Асташкевіч і Аляксандр Корбан – у Лепельскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы, Іван Асташкевіч з’яўляецца навучэнцам Барысаўскага дзяржаўнага каледжа галіновых тэхналогій, Прохар Залатуха вучыцца ў Віцебскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы сельскагаспадарчай вытворчасці, Аляксандр Кабанаў і Станіслаў Каравач — выхаванцы Ульскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя імя Л. М. Даватара.
Разам з першым сакратаром РК ГА «БРСМ» Т. А. Жукоўскай, якая курыруе працу юных хлебаробаў, мы наведаліся на поле і сустрэліся са студатрадаўцамі. Юнакі дружна выказаліся пра тое, што гатовыя плённа працаваць на карысць малой радзімы, а праз студэнцкія атрады, і працу ў іх у тым ліку, фарміруюцца такія важныя якасці маладых людзей, як самастойнасць, працавітасць і адказнасць.