Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў пачатку верасня наведаў з рабочым візітам Кітайскую Народную Рэспубліку. У час візіту Аляксандр Лукашэнка правёў шэраг двухбаковых сустрэч з кіраўніцтвам КНР.
Напярэдадні візіту кіраўнік дзяржавы падпісаў Дырэктыву нумар 5 «Аб развіцці двухбаковых адносін Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай» ад 31 жніўня 2015 года. 2 верасня дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым партале. Таксама напярэдадні візіту Аляксандр Лукашэнка даў эксклюзіўнае інтэрв’ю кітайскай газеце «Жэньмінь Жыбаа».
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прысутнічаў на ваенным парадзе ў Пекіне, які праводзіўся ў азнаменаванне 70-годдзя Перамогі ў антыяпонскай вайне і заканчэння Другой сусветнай вайны. На парадзе прысутнічала каля трох дзясяткаў лідараў замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый. У прыватнасці, сярод запрошаных гасцей кіраўнікі Расіі, Казахстана, Чэхіі, Сербіі, Венесуэлы, КНДР, краін Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі.
Ваеннаслужачыя замежных армій упершыню прымалі ўдзел у ваенным парадзе ў Кітаі. Ад Узброеных Сіл Беларусі па плошчы Цяньаньмэнь прайшла рота ганаровай варты, у складзе якой група сцяганосцаў з Дзяржаўным флагам Рэспублікі Беларусь, камандная група і пешая парадная каробка ў фармаце 10х7.
ЛУКАШЭНКА ПАДПІСАЎ ДЫРЭКТЫВУ АБ РАЗВІЦЦІ ДВУХБАКОВЫХ АДНОСІН
БЕЛАРУСІ З КНР
Згодна з дакументам, «асноўным зместам беларуска-кітайскага супрацоўніцтва з’яўляецца ўзаемная рашучая падтрымка па пытаннях, што датычацца карэнных інтарэсаў дзвюх краін, такіх як суверэнітэт, тэрытарыяльная цэласнасць, бяспека і эканамічнае развіццё».
Дырэктывай таксама вызначаны асноўныя напрамкі супрацоўніцтва з КНР: глыбокая і ўзаемная інтэграцыя галін і прадпрыемстваў; інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі; фарміраванне сумесных даследчых і навукова-практычных цэнтраў, сумеснае развіццё галіновай навукі; прамое і сістэмнае міжрэгіянальнае супрацоўніцтва; стварэнне ў Беларусі рэгіянальнага цэнтра кітаязнаўства і ўзаемадзеяння з КНР.
Мэтавым напрамкам супрацоўніцтва з КНР вызначана сумеснае развіццё ў гандлёвай, інвестыцыйнай, фінансавай і інавацыйнай сферах, стварэнне і рэалізацыя сумесных праектаў і прадпрыемстваў. Каардынацыйным органам садзейнічання развіццю адносін з КНР названы Беларуска-кітайскі міжурадавы камітэт па супрацоўніцтве.
Па матэрыялах БелТА.