Close
Курс валют: $ 3.415 | € 3.5911 | ₽100 3.3927 | 
 Погода в Бешенковичах: -2 °Cясно

Калядны кірмаш

У суботу, 26 снежня, у г. п. Бешанковічы пройдзе калядны кірмаш.

«Пясняр роднай прыроды». Такую назву мае выстава, якая размясцілася ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі і прысвечана нашаму земляку, заслужанаму франтавіку і мастаку Рыгору Дзмітрыевічу Шарко.


Малады чалавек на старым ваенным фотаздымку пазірае на нас уважліва і сур’ёзна, не адразу здагадаешся, што гэта мастак. Шмат выпрабаванняў прыйшлося на жыццёвую дарогу, але не зламіў яго лёс. Таму зараз мы маем самы неацэнны скарб – карціны, напісаныя майстрам у хвіліны радасці і замілавання.


У невялікім пакойчыку музея размешчана не так і шмат работ. Была і адна з першых – на палатне. Спачатку мастак спрабаваў рабіць копіі карцін вядомых майстроў такіх, як «Алёнушка» В. Васняцова, «Дети, бегущие от грозы» К. Макоўскага і іншых. Затым пачаў тварыць сам, захапіўся пейзажам. Менавіта гэты жанр і стаў самым любімым. Сярод выстаўленых былі такія карціны, як «Масток», «Зімняя дарога», «Рачны абрыў», «Лыжня», «У чаканні вясны», «Восень. Першы снег», «Лясная ідылія» і іншыя.


Мастак стварыў больш за 60 пейзажаў, большасць з іх па дабрыні душэўнай падарыў людзям на памяць (дзве карціны маецца і ў музеі). Таму, каб падрыхтаваць выставу, галоўны захавальнік фондаў раённага гісторыка-краязнаўчага музея С. П. Леаненка «падключыў» знаёмых. Некаторыя карціны дала музею дачка мастака Людміла Рыгораўна, а таксама А. В. Трубецкі, які асабіста прысутнічаў на адкрыцці выставы і крыху расказаў пра жыццё майстра.


Дзякуючы неабыякавым людзям, што дапамаглі наладзіць выставу, наведвальнікі музея, сярод якіх былі вучні 6 «А» класа гімназіі-інтэрната райцэнтра і іх класны кіраўнік Л. І. Дыбаль, пазнаёміліся з карцінамі Рыгора Дзмітрыевіча. Дарэчы, экспазіцыя будзе працаваць да 1 снежня, таму аматары жывапісу яшчэ могуць на ўласныя вочы пабачыць пейзажныя шэдэўры. Насычаныя колерамі, нібыта жывыя, напісаныя з любоўю да роднай прыроды, яны абуджаюць вострае адчуванне непарыўнай сувязі з зямлёй.


Аўтар удала паказаў адметнасць кожнай пары года. Нечаканая прыгажосць, такая звычайная і знаёмая, і, у той жа час, крышачку таямнічая. Стаіш вось так, пазіраеш на дрэвы, і раптам мільгане думка: дзесьці там, у галінах, згубіўся вецер, заблытаўшыся ў лістоце. Аднекуль з сутарэнняў душы прыходзіць разуменне: спрадвечная сувязь чалавека і прыроды ніколі не павінна перарывацца. Такія загадкавыя людзі, якім быў і застаецца ў памяці блізкіх Рыгор Дзмітрыевіч, не дадуць гэтаму разуменню знікнуць.


Людзі з няпростым лёсам і чыстай душой, яны аднойчы дакрануліся да прыгожага і змаглі адкрыць хараство іншым. Таму важна прыслухацца да сваіх пачуццяў і рашуча крочыць насустрач лёсу, наперад, да светлага, прывабнага і пакуль яшчэ невядомага заўтра…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

0 Comments
scroll to top