Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, у мінулую суботу на цэнтральнай плошчы Бешанковіч прайшлі масленічнае народнае гулянне і сельскагаспадарчы кірмаш (на здымках). Бойка ішоў гандаль ля палатак райпа, дзе землякам прапанавалі шырокі выбар харчовых і нехарчовых тавараў, у тым ліку пачаставацца шашлыкамі і блінамі. А сельгасвытворцы раёна – УП «Свіціна-ВМК», ДП «ПалітаддзелецАгра», ЗАТ «ААБ-Агра Наватар», ДП «Дразды-Агра», Ульскі ліцэй – прывезлі на кірмаш мяса, збожжа і іншую прадукцыю.
На провады зімы сабралася шмат народу. Тэатралізаванай пастаноўкай па матывах старадаўніх масленічных абрадаў свята адкрылі работнікі культуры. Для жыхароў і гасцей райцэнтра ад калектываў мастацкай самадзейнасці, якія прыехалі з усяго раёна, са сцэны гучалі тэматычныя песні і прыпеўкі.
Былі арганізаваны выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва раённага Дома рамёстваў, Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і раённага Цэнтра дзяцей і моладзі. Усе жадаючыя маглі набыць любую рэч, якая спадабалася. Калектыў раённага гісторыка-краязнаўчага музея частаваў гасцей свята гарачай гарбатай з самавараў, а на падвор’ях Цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы і Бешанковіцкай дзіцячай школы мастацтваў можна было пакаштаваць салодкія прысмакі. Зусім за невялікую плату на ярмарцы можна было набыць толькі з патэльні цёпленькі блінок. З дапамогай аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама былі арганізаваны спартыўныя забавы. Традыцыйна ў гэты дзень прыдзвінскія асілкі па слізкім слупе паўзлі наверх за падарункамі. Знайшліся і жадаючыя падымаць цяжкую гіру, перацягваць канат і паказаць моц рук у армрэстлінгу.
У рамках святочнага мерапрыемства сярод каманд сельскіх Саветаў, якія таксама арганізавалі работу сваіх падворкаў у лепшых месленічных традыцыях, прайшла конкурсная праграма. Паміж сабой спаборнічалі пяць каманд. Лепшых вызначала кампетэнтнае журы. Так, у намінацыі «Лепшая прыпеўка» пераможцай стала каманда Бешанковіцкага сельвыканкама. «Лепшая страва» атрымалася ў вярхоўцаў. «Лепшую выставу-прэзентацыю» паказаў калектыў Ульскага сельвыканкама. «Лепшае пудзіла Масленіцы» прывезлі ўмельцы з Бачэйкава, а вось «Самы незвычайны блін» згатавалі ў Верхнякрывінскім сельвыканкаме.