Close
Курс валют: $ 3.415 | € 3.5911 | ₽100 3.3927 | 
 Погода в Бешенковичах: 1 °Cясно

Блокадная молитва

Гэту гісторыю расказала мне мая настаўніца. Да цяперашняга часу я пад вялікім уражаннем ад пачутага, і таму хачу пазнаёміць вас з яшчэ адной страшнай старонкай мінулай вайны. <P>

Гэту гісторыю расказала мне мая настаўніца. Да цяперашняга часу я пад вялікім уражаннем ад пачутага, і таму хачу пазнаёміць вас з яшчэ адной страшнай старонкай мінулай вайны.


…Праскоўя радавалася. Сёння ў яе вяселле з каханым чалавекам, з Аркадзем. Сам ён родам з суседняй вёскі Падрэзы, а жыве ў Ленінградзе. І вось прыехаў за ёй, як і абяцаў. Шчасцем свяціліся вочы маладых. Уся вёска крычала «горка!» за вясельным сталом. А праз тры дні маладая сям’я паехала са сваёй роднай Беларусі ў Ленінград.


Горад сустрэў Пашу шумам і гулам, да якога вясковая маладая жанчына не магла прывыкнуць. Нават вуліца, на якой жыла сям’я ў камунальнай кватэры, называлася Звінігарадской.


Ішоў 1939 год. Праскоўя, працалюбівая, жыццярадасная жанчына, працавала разам з мужам на заводзе. Яна марыла аб дзецях, аб шчаслівым жыцці ў такім прыгожым, цудоўным горадзе. Але яно закончылася ў чэрвені 1941 года, калі фашысцкая Германія напала на Савецкі Саюз. Праскоўя перажывала за сваіх бацькоў, за сясцёр, за родную беларускую зямлю, якую акупіравалі фашысты. Але ў сям’і паявілася і радасць: 12 ліпеня нарадзілася такая доўгачаканая дачушка Волечка.


А фашысты ўжо пад сценамі Ленінграда. Яны вырашылі голадам замарыць жыхароў гэтага легендарнага горада. 8 верасня 1941 года пачалася блакада, якая доўжылася 872 дні, аж да 27 студзеня 1944 года. Гэты час на ўсё жыццё застаўся ў памяці Праскоўі. Муж пайшоў ваяваць на Ленінградскі фронт, а Паша адна гадавала сваю любімую Волечку. Яна памятала словы Аркадзя: «Захавай і выратуй дачушку».


Зіма выдалася снежнай, марознай. Ежы не хапала. Малака ў грудзях амаль не было. Прадукты давалі толькі па картках, а іх было мала. Хлеб немагчыма было есці, бо ў ім была толькі назва – хлеб. Жмых, солад, крухмал і яшчэ нейкая сумесь уваходзілі ў склад так званага хлеба. Ён быў чорны і горкі на смак. Калі-нікалі прыходзіў Аркадзь і прыносіў свае пайкі. Так ён падтрымліваў жонку і дачушку.


Час ад часу немцы бамбілі горад. Па радыё апавяшчалі аб варожых атаках, тады Паша брала Волечку на рукі і бегла ў бамбасховішча. Каб дачка не баялася гулу самалётаў і выбухаў, яна казала, што гэта ляціць тата, што не трэба баяцца і плакаць. Бамбілі па некалькі разоў за дзень. Дамы стаялі разбураныя, горад апусцеў. На вуліцах ляжалі памерлыя ад голаду і холаду людзі. Іх збіралі і крэміравалі, а попел скідвалі ў сажалкі. А Пашы трэба было жыць, трэба было выжыць у гэтым пекле і выратаваць сваю Волечку.


Жанчыне прыходзілася працаваць на заводзе, дзе выраблялі зброю. Дачушку пакідала ў суседзяў па камуналцы, а калі і адну. Волечка адчувала, што адбываецца нешта страшнае. Яна была паслухмяная і чакала сваю маці. Аднойчы Паша ўбачыла сваю дачку на падаконніку. Божа мой! Там жа гнілая рама, яна ківаецца ад парыву ветру. Паша з малітвай на вуснах не памятала, як дабегла да кватэры, адчыніла дзверы і схапіла сваю крывіначку .


Назаўтра яна пакінула Олю ў старога суседа, бо ўсе астатнія памерлі. Калі прыйшла з працы, то ўбачыла, што стары трымае Волечку на руках і глядзіць на яе страшнымі галоднымі вачыма. Такі позірк быў ёй знаёмы. Паша стала адбіраць дзяўчынку, але стары моцна яе трымаў. Тады Паша стала прасіць: «Хрыстом Богам малю, аддай дзіця». Стары працягнуў ёй Волечку, раптоўна паваліўся і памёр ад голаду. Праскоўя прыціснула дачушку да грудзей. Яна была ўпэўнена: калі б затрымалася хоць на некалькі хвілін, адбылося б непапраўнае. Праскоўя паведаміла каменданту аб смерці суседа. Цяпер яны засталіся ў камунальнай кватэры адны.


Паша зайшла ў чужы пакой, зняла са сцяны ікону Казанскай Божай Маці ў металічным акладзе і ікону Ісуса Хрыста і забрала сабе. У яе не было сваёй іконы, таму што нарадзілася Паша тады, калі ўсё, што было звязана з рэлігіяй, праследавалася. Але маці навучыла яе адной малітве – «Ойча наш». Яна казала, што гэту малітву даў нам Ісус Хрыстос, яе павінен ведаць кожны хрысціянін. Тады Праскоўя яшчэ не ведала, што ікона Казанскай Божай Маці – адна з самых шануемых і любімых святынь у праваслаўі.


Цудатворная Маці Казанская неаднаразова ў цяжкія часіны падавала дапамогу там, дзе, здавалася, надзеі на выратаванне ўжо няма. Калі страшны голад тысячамі касіў жыхароў Ленінграда, з Уладзімірскага сабора вынеслі Казанскую ікону Божай Маці, пранеслі вакол Ленінграда, і горад быў выратаваны, ён выстаяў. Богаслужэнні ў храме, дзе захоўвалася Казанская Божая Маці, праходзілі двойчы за дзень, нягледзячы на тое, што людзі пакутавалі і гінулі ад голаду.


У 1942 годзе Паша ахрысціла сваю Волечку ва Уладзімірскім храме. Але малітвы да Казанскай Божай Маці так і не ведала. Яна кожную ноч станавілася перад іконамі на калені і са слязамі на вачах, з верай, што Бог дапаможа, шаптала на той мове, на якой навучыла маці: «Отче наш, Иже еси на небесах! Да святится имя Твое; да приидет Царствие Твое; да будет воля Твоя, яко на небеси и на земли; хлеб наш насущный даждь нам днесь; и остави нам долги наша, якоже и мы оставляем должником нашим; и не введи нас во искушение, но избави нас от лукавого». Паша была ўпэўнена, што калі яны з дачкой не памруць ноччу, то дзень неяк перажывуць.


Праскоўя малілася з моцнай верай, пастаянна, усім сэрцам – палымяна і горача, і дзякавала Богу за жыццё. Але новае гора навалілася на жанчыну: на Ленінградскім фронце цяжка параніла мужа. Асколак ад снарада разам з шынялём увайшоў у грудную клетку. Урачы зрабілі некалькі аперацый, выдалілі шэсць рэбраў. Цэлы год ляжаў ён у шпіталі. Паша перавялася туды на працу санітаркай, каб быць побач з мужам. Яна плакала і малілася. Пазней расказвала, што каб не малітва, Аркадзь не выжыў бы. А ўрачы казалі, што каб не жонка, якая даглядала яго пасля аперацыі, то шанцаў выжыць у яго не было. Але Праскоўя ведала: толькі малітва дапамагла яе мужу, хоць Аркадзь і застаўся інвалідам.


…Праскоўя і Аркадзь пражылі доўгае шчаслівае жыццё. Пасля вайны яны пераехалі ў Паўлаўск, потым у Пушкін. У іх нарадзілася яшчэ адна дачка, Жанна. З іконай Казанскай Божай Маці Праскоўя Дзям’янаўна ніколі не разлучалася. Яна казала, што толькі гэта ікона выратавала сям’ю ад смерці, толькі вера і няспынная малітва дапамаглі ім выжыць. Вось так вайна прывяла да веры гэту сям’ю.


Сталася так, што Волечка, Вольга Аркадзьеўна Паўлоўская, доўгі час з’яўлялася старшынёй таварыства блакаднікаў Пушкінскага раёна горада Санкт-Пецярбурга. Зараз яна з сястрой пражывае ў горадзе Пушкіне. Вольга часта бывае на радзіме бацькоў, у вёсцы Бачэйкава. Ікона Казанскай Божай Маці займае ганаровае месца і напамінае аб тых страшных днях, якія перажыла не толькі гэта сям’я, але і тры мільёны ленінградцаў, з якіх больш за семсот тысяч памерла ад голаду і холаду. Вечная ім памяць.


Аляксандра Дармідошына, вучаніца 11-га класа Бачэйкаўскай сярэдняй школы.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

0 Comments
scroll to top