Close
Курс валют: $ 3.533 | € 3.7148 | ₽100 3.3073 | 
 Погода в Бешенковичах: 4 °Cпасмурно

Придвинский ветеран отпраздновал 95-летний юбилей

Сярод тых, хто адным з першых прыйшоў павіншаваць юбіляра, былі вучні і настаўнікі Вярхоўскай базавай школы. Хлопцы і дзяўчаты жадалі ветэрану моцнага здароўя, бадзёрасці духу і аптымізму. <P>

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Анатоль Анісімавіч Шыёнак дваццацігадовым
добраахвотнікам пайшоў на фронт. Мінула ўжо больш за семдзесят гадоў…
На днях ветэран прымаў віншаванні з 95-гадовым юбілеем.


Сярод тых, хто адным з першых прыйшоў павіншаваць юбіляра, былі вучні і настаўнікі Вярхоўскай базавай школы. Хлопцы і дзяўчаты жадалі ветэрану моцнага здароўя, бадзёрасці духу і аптымізму. Анатоль Анісімавіч расказаў пра сваё нялёгкае ваеннае юнацтва і цяжкія пасляваенныя гады, а таксама запэўніў падрастаючае пакаленне, што пастараецца захоўваць бадзёрасць духу і берагчы свае сілы.


У суровыя ваенныя гады А. А. Шыёнак з гонарам выконваў свой патрыятычны абавязак, годна нёс службу ў часцях 1-га гвардзейскага кавалерыйскага Жытомірскага Чырвонасцяжнага корпуса. Удзельнічаў у баях пад Масквой, вызваляў Кіеў, Жытомір, Луцк, прымаў удзел у гістарычнай бітве за Берлін.


Мой субяседнік пражыў жыццё не падобнае ні на чыё іншае. У Анатоля Анісімавіча заўсёды быў свой пункт погляду, ён, як кажуць, не «ўліваўся ў натоўп», а заўсёды ўзважана і абдумана прымаў тое ці іншае рашэнне.


Ветэран упэўнены, што да такіх гадоў пражыў дзякуючы працавітасці. «Некалі было адпачываць, – успамінае ён пра сваё жыццё. – А яшчэ, я не прывык ні на каго злавацца. Што і вам раю. Думаць заўсёды трэба выключна аб добрым».


За бездакорную, самаадданую службу Анатоль Анісімавіч узнагароджаны медалямі «За адвагу» і «За баявыя заслугі», ганаровымі граматамі, юбілейнымі медалямі.


У гэты святочны дзень юбіляр яшчэ доўга сустракаў гасцей і прымаў віншаванні. Варта адзначыць, што ў свае 95 гадоў Анатоль Анісімавіч поўны аптымізму і сіл. Развітваючыся з гасцямі, ён запрашаў іх да сябе ў наступным годзе.


Мір – кароткае, прамяністае, іскрыстае шчасцем слова. Вайна – гэта рэзкі штуршок гісторыі, што родзіць смяротны ўраган, гэта бясконцыя бамбёжкі, мінныя палі, гэта жахі канцлагераў і пахаванкі.


71 год мы жывём без вайны, і ўвесь гэты час народ памятае кожны яе дзень – ад першага да апошняга. У імя вечнага працягу жыцця пралівалі кроў у баях нашы дзяды і прадзеды. На жаль, з кожным днём усё менш становіцца сярод нас удзельнікаў і сведкаў Вялікай Айчыннай вайны. У жывых засталіся адзінкі. І тым больш уважлівымі нам трэба быць, праяўляць клопат і павагу да жывых ветэранаў, схіляць галовы і шанаваць тых, хто дзеля нас аддаў самае дарагое – сваё жыццё.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

0 Comments
scroll to top