У пятніцу ў абласным цэнтры ў канцэртнай зале «Віцебск» прайшла цырымонія ўшанавання лаўрэатаў звання «Чалавек года Віцебшчыны-2015». Удзел у мерапрыемстве прынялі дэлегацыі з усіх раёнаў, а ў іх складзе – лепшыя працаўнікі сельскай гаспадаркі, прамысловасці, транспарту, сферы абслугоўвання, адукацыі, медыцыны, культуры, праваахоўных органаў, іншых сфер, тыя, хто ўнёс найбольш важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё паўночнага рэгіёна.
Наша рэспубліка, як і Віцебшчына ў прыватнасці, была і
застаецца краінай-працаўніцай, у якой высокія ўзнагароды, гонар і слава прыходзяць у першую чаргу да тых, хто любіць і ўмее працаваць. І так было заўсёды. Як і ў папярэднія гады, ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны-2015» удастоены 100 лепшых з лепшых жыхароў вобласці. Лаўрэаты вызначаны ў 20 намінацыях, заўсёды (не выключэнне і гэты год) самая шматлікая група – хлебаробы, работнікі аграпрамысловага комплексу, бо яны і на самай справе галоўныя на зямлі.
Адметна, што ў лік лепшых прадстаўнікоў АПК Віцебшыны трапілі і нашы зямлякі – трактарыст камунальнага сельскагаспадарчага вытворчага унітарнага прадпрыемства «ПалітаддзелецАгра» Сяргей Мікалаевіч Гусакоў і машыніст аднакаўшовага экскаватара камунальнага ўнітарнага прадпрыемства меліяратыўных сістем «Бешанковіцкае ПМС» Леанід Аляксандравіч Снітко.
За вялікі асабісты ўклад у развіццё медыцыны Бешанковіцкага раёна высокага звання «Чалавек года Віцебшчыны-2015» у намінацыі «Ахова здароўя» ўдастоены галоўны ўрач установы аховы здароўя «Бешанковіцкая цэнтральная раённая бальніца» Аляксандр Валянцінавіч Керэмша, у намінацыі «Жыллёва-камунальная гаспадарка» лаўрэатам ганаровага звання стаў дырэктар УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік» Ігар Георгіевіч Слівец.
Дарэчы, прадстаўніцтва нашага раёна сёлета адно з самых вялікіх на конкурсе. У першую чаргу гэта сведчыць аб тым, што ў нашым раёне ўмеюць працаваць, і як вынік – дабіваюцца такіх паказчыкаў, з якімі не сорамна паказацца на людзях і якіх нельга не заўважыць у абласным выканаўчым камітэце. А па працы – і пашана.
Рэпартаж з цырымоніі ўзнагароджання, што прайшла ў канцэртнай зале «Віцебск», будзе апублікаваны ў наступным нумары «Зары», а затым – замалёўкі, нарысы і інтэрв’ю з тымі, хто ўдастоены высокага і ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны» за 2015 год.