Штогод на Бешанковіччыне праходзіць ваенна-спартыўная гульня «Зарніца». Гэты год не стаў выключэннем. Арганізатары – раённы камітэт ГА «БРСМ», аддзел адукацыі, спорту і турызму, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама – прымеркавалі гульню да 71-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Урачыстае адкрыццё, якое адбылося на базе СШ №2 райцэнтра, было традыцыйным: агульнае пастраенне, дзе камандзіры здавалі рапарт старшыні раённага аб’яднання ГА «Беларускі саюз афіцэраў» падпалкоўніку запаса Я. І. Вербалозу, а суддзі праверылі гатоўнасць кожнай каманды. Пасля атрымання маршрутных лістоў усе адправіліся на спаборніцтвы.
Хлопцам і дзяўчатам неабходна было пераадолець мноства перашкод і выканаць рознаўзроўневыя заданні. Пункты прызначэння размяшчаліся на ўсей прылеглай да навучальнай установы тэрыторыі. Праграма спаборніцтваў была вельмі насычанай і цікавай. Атрады змагаліся за першынство ў аглядзе строю і песні, страявых прыёмах паасобку і ў складзе падраздзялення. У марш-кідку з перашкодамі камандзе неабходна было праявіць згуртаванасць і прафесіяналізм. Хіба дапушчальна, каб пераможца ваенна-патрыятычнай гульні не ўмеў добра бегаць, падцягвацца і выконваць шэраг комплексна-сілавых практыкаванняў?
У выкананні юных прыдзвінцаў гучалі патрыятычныя песні. Улічвалася пры гэтым літаральна ўсё да самых дробязей: і якасць выканання, і ўзровень музычнага суправаджэння, і нават знешні выгляд удзельнікаў. Менавіта гэтыя выпрабаванні і праходзілі юныя ўдзельнікі спаборніцтваў на тэрыторыі школы. А ўнутры будынка каманды поўным складам ладзілі сапраўдны «мазгавы штурм». Так, у ходзе гульні хлопцы і дзяўчаты выконвалі тэставыя заданні на тэму Вялікай Айчыннай вайны. Не забыліся арганізатары конкурсу і аб медыка-санітарнай падрыхтоўцы, дзе школьнікі «адточвалі» свае тэарэтычныя веды і практычныя ўменні.
З кожнай хвілінай «Зарніца» падыходзіла да свайго лагічнага завяршэння. Усе каманды прайшлі этапы вельмі годна. Стомленыя фізічна і ад хвалявання, школьнікі з нецярпеннем чакалі агульных вынікаў. Так, юныя патрыёты сярэдняй школы №2 райцэнтра сталі ўладальнікамі першага месца. Другое заняла каманда Бачэйкаўскай СШ, а трэцяе – астровенскія хлопцы і дзяўчаты.
Несумненна, у ходзе правядзення падобных гульняў навучэнцы набываюць практычныя навыкі пачатковай ваеннай падрыхтоўкі і медыцыны, спартыўныя ўменні. І, вядома ж, гульнявыя моманты ствараюць цікавасць, выклікаюць імкненне штогод праводзіць такія мерапрыемствы і дазваляюць лепш засвоіць і замацаваць існуючы тэарэтычны матэрыял на практыцы. Такія спаборніцтвы фарміруюць і развіваюць маральна-псіхалагічныя якасці навучэнцаў.
Між іншым, патрыятычнаму выхаванню надаецца пільная ўвага, а «Зарніца» была і застанецца любімай ваенна-спартыўнай гульнёй прыдзвінскіх школьнікаў.