Ад вынікаў уборачнай кампаніі залежыць харчовая бяспека краіны. Штогод перад экіпажамі камбайнераў, вадзіцелямі, занятымі на адвозцы збожжа, ставіцца задача – убраць хлеб у максімальна сціслыя тэрміны. У стымуляванні механізатараў да высокапрадукцыйнай працы сваю ролю адыгрывае раённае спаборніцтва на ўборцы збожжавых культур. Пра тое, якім яно будзе сёлета, распавядае СТАРШЫНЯ РАЙКАМА ПРАФСАЮЗА РАБОТНІКАЎ АГРАПРАМЫСЛОВАГА КОМПЛЕКСУ ВЯЧАСЛАЎ МІХАЙЛАВІЧ ДОЛГІ:
– У мэтах своечасовага і якаснага правядзення ўборкі ўраджаю збожжавых культур, павышэння эфектыўнасці выкарыстання сельскагаспадарчай тэхнікі ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і прэзідыум раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу прынялі пастанову аб арганізацыі раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы збожжавых культур у 2016 годзе. Па традыцыі ў раённай газеце «Зара» зацверджана Дошка гонару для занясення на яе пераможцаў.
– ВЯЧАСЛАЎ МІХАЙЛАВІЧ, НА ЯКІХ УМОВАХ БУДЗЕ ПРАХОДЗІЦЬ СПАБОРНІЦТВА?
– Вызначэнне пераможцаў раённага спаборніцтва ажыццяўляецца сярод юрыдычных асоб, якія займаюцца вытворчасцю сельгаспрадукцыі (улічваюцца колькасць убраных збожжавых культур і ўраджайнасць); сярод збожжаўборачных экіпажаў (улічваюцца плошча ўбраных гектараў і намалот); сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў (па найбольшай колькасці перавезенага збожжа); сярод работнікаў зернесушыльных агрэгатаў (улічваецца колькасць дапрацаванага збожжа).
– ЯКІМ ЧЫНАМ БУДУЦЬ ЗААХВОЧВАЦЦА ПЕРАДАВІКІ ВЫТВОРЧАСЦІ?
– Для ўзнагароджання пераможцаў раённага спаборніцтва зацверджаны заахвочвальныя падарункі ў грашовай форме. Так, юрыдычныя асобы, якія занялі 1-е, 2-е, 3-е месцы ўзнагароджваюцца адпаведна прэміямі ў памеры 30, 20, 10 базавых велічынь. Экіпажу збожжаўборачнага камбайна, які першым у раёне намалоціць 1000 тон збожжа, прысуджаецца дыплом і заахвочвальны падарунак у грашовай форме ў памеры 8 базавых велічынь, у тым ліку старшаму камбайнеру – 5 базавых, камбайнеру – 3 базавыя велічыні. Экіпажу, які першым намалоціць 1500 тон збожжа, прысуджаецца дыплом і 8 базавых велічынь, у тым ліку старшаму камбайнеру – 5 базавых, камбайнеру – 3 базавыя велічыні. Экіпажы, якія занялі 1-е, 2-е, 3-е месцы, прэміруюць адпаведна ў памеры 10, 8, 6 базавых велічынь.
Вадзіцелі транспартных сродкаў, якія занялі першае месца атрымаюць 8 базавых велічынь, за другое – 6, за трэцяе – 4 базавыя велічыні. Калектывы работнікаў зернесушыльных агрэгатаў, якія занялі першае месца прэміруюць у памеры 8 базавых велічынь, за другое – 6, за трэцяе – 4 базавыя велічыні.
Агульнай умовай для вызначэння пераможцаў з’яўляецца адсутнасць выпадкаў вытворчага траўматызму і парушэнняў працоўнай дысцыпліны.