Мазольныя рукі рабочага чалавека. Надзейныя рукі. Няма ім цаны. Штогод дзень за днём кладуцца яны на рычагі трактара, «штурвал» камбайна, выконваюць будзённую, але такую неабходную высакародную працу. Шмат прыкладаюць намаганняў, каб дасягнуць агульнага поспеху. Гэтыя рукі могуць усё, таму і кажуць, што яны ў механізатара залатыя. З прадстаўнікамі гэтай прафесіі прыемна і цікава гутарыць.
Наведаўшыся ў сельгаспрадпрыемства «Вядзерава», я пазнаёмілася з механізатарам Леанідам Фёдаравічам Івановым, які 36 гадоў жыцця працуе ў сельскай гаспадарцы, 18 з іх – за «штурвалам» камбайна. На момант гутаркі працаўнік быў заняты на трамбоўцы падвяленай масы.
– Мой бацька 36 гадоў адпрацаваў на трактары. З малых гадоў я любіў ездзіць разам з ім, – расказвае Леанід Фёдаравіч. – Паступова стаў захоплена вывучаць «жалезнага каня», самастойна вадзіць яго. Мне, 12-13-гадоваму хлопцу, гэта было цікава. Калі надышоў момант выбару прафесіі, доўга не вагаўся: як некалі бацька, застаўся верным тэхніцы і я. Вучыўся ў Ульскім СПТВ. У 1979 годзе атрымаў пасведчанне вадзіцеля. Я застаўся там, адкуль ідуць мае карані, дзе нарадзіўся і вырас, дзе ёсць на каго раўняцца. Галоўны настаўнік у маім жыцці – бацька, гэта ён прывіў мне любоў і павагу да нашай прафесіі.
Механізатар спасцігаў асновы сваёй нялёгкай справы ў зусім юным узросце, таму і тэхніку ведае, як свае пяць пальцаў. Як некалі рабіў яго бацька, мужчына катаў на трактары дзяцей і ўнука. Дарэчы, сын Л. Ф. Іванова Сяргей працягнуў дынастыю вадзіцеляў.
– За тэхнікай прыглядваць трэба, – працягвае мужчына свой аповед. – Бывае, што яна «капрызнічае». І вось тады прыходзіцца павазіцца. У гаспадарцы няма лёгкай працы. І кожную справу трэба выконваць адказна. Напрыклад, спланаваць, як заехаць на траншэю, як усё разраўняць. Заканчваем гэту працу, пачынаем падрыхтоўку камбайнаў, бо не за гарамі сезон жніва.
Пакуль механізатар шчыруе, хатняя гаспадарка – агарод, конь, свінні, куры – трымаецца на плячах жонкі. Галіна Сяргееўна працуе ў «Вядзераве» бухгалтарам. Увечары з гэтымі клопатамі спраўляюцца ўжо разам.
– Вось многія сцвярджаюць, што ўсё роўна, калі касіць сена або закладваць траншэю, – гаворыць працаўнік. – Аднак розніца ёсць. Пры збалансаваным кармленні жывёла менш хварэе. Калі накарміць карову «правільным» сенажом ці сіласам, то жывёла адкажа ўдзячнасцю, а малака будзе больш.
Магчыма, рамантыкі ў сельскай працы няшмат, у асноўным толькі цяжкасці. Невыпадкова ў летні перыяд яны яшчэ завуцца прыпарам. Час не чакае, а палі патрабуюць клапатлівай гаспадарскай рукі, уборкі, таму сельскія працаўнікі летам нават і не думаюць пра адпачынак. Барацьба за хлеб ніколі не была лёгкай, і сёння такая ж – за кожнае поле, за кожную травінку, за кожнае зярнятка.