Сацыяльныя ролі жанчыны на працягу жыцця розныя. Аднак самыя важныя з іх тыя, што яна выконвае ў сям’і: дачка, жонка, маці, бабуля… Зрэшты, гэта не перашкаджае многім жанчынам займаць адказныя пасады і паспяхова сумяшчаць кар’еру і сям’ю. Сёння мы пазнаёмім вас з цікавай жанчынай-кіраўніком, строгай, але справядлівай і неверагодна творчай Наталляй Віктараўнай Бараноўскай (на здымку), якая ўжо трэці год загадвае Вярхоўскім дзіцячым садам.
Калегі расказваюць пра яе з цеплынёй і павагай.
– З прыходам Наталлі Віктараўны наш дзіцячы сад змяніўся, – з радасцю адзначаюць яны. – Ён стаў такім утульным, яркім і звонку, і знутры. Паўсюль прыгожыя інфармацыйныя стэнды, а сёлета з’явілася і новая пляцоўка для гульняў з дарожнай разметкай. Для гэтага і знакі спецыяльна набылі.
Сама ж Наталля Віктараўна прызнаецца, што некалі і не думала звязваць жыццё з педагагічнай дзейнасцю.
– Спецыяльна я да гэтага не імкнулася, але так склалася, і я гэтаму рада, – кажа жанчына. – Закончыла Полацкі педагагічны каледж. Каля трох гадоў працавала ў дзіцячым садзе ў Рубяжы. Увогуле педагагічная дзейнасць чаргавалася з іншай. Аднойчы зацікавілася афармленнем, захацелася зрабіць нешта цікавае, каб дзеці з радасцю спяшаліся ў садзік. Мае намаганнi заўважылі і прапанавалі працу ў Вярхоўі. Вас цікавіць, адкуль з’яўляецца натхненне? Ды ўсё ад дзетак. Бывае, засумую, зайду ў якую-небудзь групу (іх у нас дзве – старэйшая рознаўзроставая група, дзе займаюцца 11 дзетак, і малодшая рознаўзроставая група – 10 дзетак), пагляджу на іх, і раптам народзіцца ідэя. Хочацца ж, каб была ў нас нейкая свая разыначка, свая асаблівая атмасфера.
Амаль усе навінкі Наталля Віктараўна зрабіла сваімі рукамі. У вольны ад працы час яна шыла, вышывала і зноў прыдумвала, шукаючы штосьці асаблівае.
– Вялікіх сакрэтаў у мяне няма. Проста, калі я не буду што-небудзь рабіць, то нецікава будзе працаваць. Вось хутка будзе 50 гадоў, як існуе наш дзіцячы сад. Дзевяць гадоў, як працуем у новым будынку. Кожны год нешта рамантуем, паляпшаем. Спадзяёмся і далей здзіўляць усіх сваім крэатывам, тым больш што цікавых планаў шмат. Люблю новыя ідэі і бяруся за іх яшчэ і таму, каб даказаць сабе, што я змагу гэта зрабіць. Зараз у нас папулярна методыка Кюізенера. З дапамогай палачак Кюізенера развіваецца дробная маторыка, трэніруецца памяць. Дзеці спазнаюць асновы геаметрыі, параўноўваюць велічыні, форму, аб’ём і колер. Камплект складаецца з палачак рознага памеру і колеру, дзякуючы якім малыя хутка запамінаюць склад лікаў і пазнаюць аснову матэматычных дзеянняў.
Вялікі дзякуй хочацца сказаць такім людзям, як Святлана Леанідаўна Салоха, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Вольга Віктараўна Скрыпкіна, якая з’яўляецца загадчыкам ДУА «Дзіцячыя яслі г. п. Бешанковічы», Святлана Мікалаеўна Мацуганава, загадчык ДУА «Яслі-сад №6 г. п. Бешанковічы». Яны ніколі не адмовяць у дапамозе. Іх падтрымка і супрацоўніцтва адносна дакументацыі неацэнны. Таксама я вельмі ўдзячна і метадысту ВМК аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяне Герасімаўне Шыловіч, і майму калектыву: выхавацелям Людміле Уладзіміраўне Шут, Ліне Васільеўне Чачанец, Галіне Іванаўне Цвятковай і іх памочнікам Алене Якаўлеўне Шчуцы, Алёне Іванаўне Мірончык, музычнаму кіраўніку Анатолю Ціханавічу Пішчэйку, а таксама повару Людміле Мікалаеўне Борматавай, загадчыку гаспадаркай Любові Анатольеўне Дарожцы. Разам мы шмат здолеем зрабіць. Разам мы – сіла.
Тым, хто выбраў такі нялёгкі шлях – быць педагогам, гэта ўсмешлівая жанчына жадае любіць сваю прафесію, імкнуцца да новага, мець цярпенне, тварыць і наведваць курсы, бо яны шмат у чым дапамагаюць.
Наталля Віктараўна вядзе актыўнае жыццё. Яна заўсёды ў руху і ў працэсе навучання. Ужо некалькі гадоў, як жанчына за рулём аўтамабіля, а сёлета яшчэ стала студэнткай мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П. М. Машэрава. Акрамя таго, у яе шматдзетная сям’я. Старэйшыя дзеці – Аляксандр, Алена і Юлія – ужо дарослыя, самі працуюць, малодшай Ганне – 10 гадоў, акрамя агульнаадукацыйнай дзяўчынка займаецца ў дзіцячай школе мастацтваў.
– Быць жанчынай – азначае быць моцнай, перш за ўсё выдатнай маці і жонкай, мець прафесію. Трэба ўмець быць дзіцяці добрым сябрам, калегам – прыкладам. Старацца заўсёды дапамагаць і падказваць тым, з кім побач, – разважае Н. В. Бараноўская.
Наталля Віктараўна ўпэўнена, што поспеху дапамагаюць вера ў сябе і пачуццё гумару. Яна лічыць, што да любой праблемы, якой бы складанай яна ні была, трэба падыходзіць з гумарам.
– Наша жыццё мае шмат фарбаў, таму ва ўсім важна ўбачыць пазітыў, – кажа жанчына на развітанне. – Самае галоўнае – пераадольваць цяжкасці з усмешкай, тады задуманае атрымаецца. Жыццё само расставіць усё па сваіх месцах. Мы, жанчыны, хочам быць у чымсьці далікатнымі, безабароннымі. Аднак не заўсёды жыццё дае такую магчымасць. Таму я лічу, што трэба мець і свой унутраны стрыжань, які дапаможа не скарыцца перад абставінамі.
Безумоўна, ён у Наталлі Віктараўны ёсць!