Любоў да тэхнікі і машын з’явілася аднойчы ў дзяцінстве і стала марай, а праз гады – рэальнасцю. Менавіта так адказвае большасць знаёмых вадзіцеляў. Віктар Апанасавіч Цыбульскі і Фёдар Іванавіч Ганчароў – вадзіцель і механізатар ЗАТ «ААБ-Агра Наватар» – таксама ніколі не сумняваліся, што менавіта гэтай прафесіі прыйдзецца прысвяціць сваё жыццё. Адны людзі працуюць у горадзе, другія – у вёсцы, але аб’ядноўвае іх агульны запал, адчуванне бязмежнага шчасця, калі імчыць па дарозе машына, з якой даўно зрадніўся душой, машына, якая стала і верным сябрам, і карміцелем.
Час даказаў: атрымаўшы сваю прафесію, вадзіцелі застаюцца адданымі ёй усім сэрцам. На якой толькі тэхніцы не давялося папрацаваць мужчынам?! Таму добра ведаюць яе характар і па шуму рухавіка вызначаюць няспраўнасці, беражліва ставячыся да сваёй тэхнікі. Віктар Апанасавіч працуе за рулём «МАЗа», а Фёдар Іванавіч – «МТЗ-82», абодва маюць вялікі вопыт, добрасумленныя, паважаныя сярод калег і кіраўніцтва.
– Працуем у сельскай гаспадарцы амаль 40 гадоў, ужо па 4-5 унукаў маем, – з усмешкай кажуць «напарнікі». – Працу сваю любім, бо дарога заклікае да адказнасці і дысцыпліны, а руль дае магчымасць абдумаць свае дзеянні, узважыць усё і рабіць сумленна і правільна.
Для вадзіцеля няма большай радасці, чым адправіцца ў рэйс. Да нашай сустрэчы Віктар Апанасавіч толькі што вярнуўся з чарговага задання, а Фёдар Іванавіч – на рамонце. Адзін выконвае ўсе віды транспартных работ, другі ж працуе на ферме ў аг. Верхняе Крывіна, падвозіць корм і г. д. У захапленні тэхнікай і працай у гаспадарцы ўсе вадзіцелі роўныя, калектыў аднадушны ва ўсім, адзін аднаго не падвядуць. І гэта сапраўды так.
– Працуйце сумленна, бо ў гэтым поспех, – упэўнены мужчыны. – Да справы – з адказнасцю і не змяняць на дарозе свайму фірменнаму, праверанаму вадзіцельскаму стылю. Радавацца таму, што ёсць, але імкнуцца да лепшага.