Close
Курс валют: $ 3.4714 | € 3.6432 | ₽100 3.3774 | 
 Погода в Бешенковичах: 4 °Cпасмурно

Одна из лучших старейшин Бешенковичиины живёт в Будилово

Што галоўнае ў жыцці кожнага чалавека? Быць на сваім месцы, займацца любімай справай, дасягнуць вяршынь прафесійнага майстэрства, знайсці каханне, стварыць сям'ю… <P>

Што галоўнае ў жыцці кожнага чалавека? Быць на сваім месцы, займацца любімай справай, дасягнуць вяршынь прафесійнага майстэрства, знайсці каханне, стварыць сям’ю…


Пералічваць можна доўга, бо, колькі людзей, столькі і меркаванняў. Аднак бясспрэчным застаецца факт: калі ўжо ўзяўся за гуж, не кажы, што не дуж. Спяваць, значыць так, каб песня за душу брала, каб гледачы і плакалі, і смяяліся. Працаваць, значыць так, каб усе з удзячнасцю ўспаміналі тваю працу. Згодна з гэтым і Юлія Іванаўна Кухто, старэйшына населеных пунктаў Будзілава і Задарожжа.


На гэтай пачэснай пасадзе жанчына знаходзіцца ўжо даўно. Акрамя таго, яна – старшыня ветэранскай арганізацыі ўчастка №5 ЗАТ «ААБ-Агра Наватар». Аднавяскоўцы ёй давяраюць і ў складанай жыццёвай сітуацыі звяртаюцца па дапамогу ці параду, бо ўпэўнены, што на гэтага чалавека заўсёды можна спадзявацца.


– Трымаем цесную сувязь з Соржыцкім сельвыканкамам, – расказвае Юлія Іванаўна. – Вырашаем розныя пытанні, напрыклад, няспраўнасць вулічнага асвятлення і своечасовую замену лямпаў ці складанасці ў апрацоўцы прысядзібных участкаў і іншае. Калі з праблемай не спраўляемся сваімі сіламі, то тады на дапамогу прыходзіць сельвыканкам.


У працы жанчыне дапамагаюць вялікі жыццёвы вопыт і ўменне ладзіць з людзьмі. З кожным жыхаром «сваіх» населеных пунктаў яна падтрымлівае сувязь. У гэтым дапамагае тэлефон і веласіпед, дарэчы, апошні стаў незаменным сябрам.


– Веласіпед – гэта маё, – радасна ўсміхаецца Юлія Іванаўна. – Даставіць, куды жадаеш. Гэта і транспартны сродак, і спорт, і прыемны адпачынак. Неяк даўно я цікавілася валейболам. Цяпер жа са мной паўсюль жалезны «таварыш».


Пенсіённы ўзрост для гэтай жанчыны – не перашкода. Юлія Іванаўна вядзе актыўную дзейнасць, жыве праблемамі аднавяскоўцаў, прапагандуе здаровы лад жыцця. Яна – цудоўная спявачка. У складзе вакальнай групы «Рэха» ўзельнічае ў розных канцэртах, святах і іншых мерапрыемствах.


– Мая радзіма – вёска Антанова Шаркаўшчынскага раёна, – дзеліцца сваёй біяграфіяй Юлія Іванаўна. – У сям’і нас было пяцёра: два браты, дзве сястры і я – сярэдняя дачка. Захацела стаць заатэхнікам, але лёс распарадзіўся па-свойму. Паехала вучыцца ў Мінскую вобласць, у тагачасны Ільянскі тэхнікум. Пасля размеркавання трапіла сюды і 23 гады адпрацавала ў сельскай гаспадарцы. Спачатку была заатэхнікам, потым галоўным заатэхнікам. З будучым мужам мы пазнаёміліся нечакана. Я тады была памочнікам брыгадзіра па свінагадоўлі, па справах знаходзілася ў прыёмнай дырэктара, а ён зайшоў туды разам з маці. Гэта была наша першая незабыўная сустрэча…


Пазней перайшла на працу ў Задарожскую сельскую бібліятэку, дзе мінулі яшчэ 16 гадоў жыцця. Адсюль я і пайшла на пенсію. Сын у мяне – вадзіцель. Ёсць дарослая ўнучка, яна ўжо студэнтка, вучыцца ў Наваполацку, унук ходзіць у шосты клас. Зімой я прапальваю кацельню ў сельскім Доме культуры. Раблю гэта не дзеля грошай, проста не люблю сядзець склаўшы рукі, а так і з людзьмі рознымі бачышся, цікавішся, што іх хвалюе.


Спачатку, калі пачала працаваць у калгасе, то наведвала клуб, потым не было на гэта часу. Працуючы бібліятэкарам, бывала, наведвалася сюды, а зараз увогуле часта сюды прыходжу: спяваць і проста пагутарыць.


Шчыра працаваць і любіць зямлю і прыроду мая субяседніца навучылася ў дзяцінстве (у бацькоў быў вялікі сад), яна выдатна памятае час, калі ўрокі вучылі пры газніцы. Тады ж, у дзяцінстве, любіла рабіць гербарый, акуратна сушачы кветкі ў пяску. Юлія Іванаўна і зараз добрая гаспадыня: умее шыць, вырошчвае прыгожыя кветкі. Ля яе дома квітнеюць вяргіні, цыніі, петуніі, півоні. З вясны да восені паўсюль (на плоце, гаражы) вісяць пафарбаваныя залатой фарбай каструлі з шыкоўнымі кветкамі. Гэта неабыякавая, дзейная жанчына паказвае прыклад руплівага, гаспадарскага стаўлення да роднай зямлі, чым захапляе сваіх суседзяў і аднавяскоўцаў. Яна стараецца для людзей па закліку сэрца, каб бачыць іх радаснымі і шчаслівымі. Каб жыццё было, як песня, абуджала радасць, упрыгожваючы дні, ператвараючы будні ў святы.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Leave a comment
scroll to top