Адно з найважнейшых хрысціянскіх свят – Богаяўленне – 19 студзеня адзначылі праваслаўныя хрысціяне. Па сваёй значнасці яно прыраўноўваецца да Свята Божага Нараджэння і ТроЙцы. У гэты дзень вернікі ўспамінаюць хрышчэнне Ісуса Хрыста, якое ён прыняў у 30-гадовым узросце ў рацэ Іардан. Менавіта тады, згодна з Евангеллем, міру з’явілася Найсвяцейшая ТроЙца.
На Богаяўленне адбываецца Вялікае вадасвяцце. У Свята-Ільінскай царкве падчас ранішняй службы было шматлюдна. Ярка гарэлі свечкі, ззялі аклады на абразах, гучалі малітвы і спевы. Па заканчэнні службы ў храме па традыцыі здзейснілі чын Вялікага асвячэння вады. Паспрабаваць галоўнай святыні Вадохрышча – жыватворнай вады – прыдзвінцы змаглі бліжэй да поўдня.
Па традыцыі ў дзень Вадохрышча вернікі купаюцца ў палонцы ці купелі. Гэта стала ўжо народным рытуалам. Кажуць, што падчас абраду ў вадзе, якая з’яўляецца крыніцай новага жыцця, чалавек памірае для граху і ўваскрасае для Бога.
Малебен і асвячэнне вады на «Чыстых прудах» у гарпасёлку правёў настаяцель Свята-Ільінскай царквы протаіерэй Віталь Кісель. Нягледзячы на тое, што надвор’е ў гэты дзень было па-сапраўднаму зімовае, ужо праз лічаныя хвіліны да іардані паспяшаліся смельчакі.
Бадзёрыя і ўсмешлівыя выходзілі яны з вады і ахвотна дзяліліся сваімі адчуваннямі:
– Гэта нешта новае, невымоўнае, – шчыра адказала жыхарка Бешанковіч, якая акуналася ў купель. – Уражанні незабыўныя. Калі заходзіш, быццам, і не холадна, а калі ўжо акунаешся з галавой, прабірае добра. Пачуцці цудоўныя. У наступным годзе зноў трэба будзе паўтарыць. Усім раю!
Чарга жадаючых акунуцца не памяншалася і ўвечары. Дарэчы, у гэты дзень на «Чыстых прудах» дзяжурылі супрацоўнікі РАНС, РАУС, медыкі «хуткай дапамогі» і ратавальнікі выратавальнай станцыі.
Нельга не адзначыць, што святочнай падзеі спрыяла і надвор’е: пасыпаў дробны сняжок, які здаваўся ласкай, падараванай удзельнікам таінства з нябёсаў. У гэты дзень зусім немагчыма было не звярнуць увагу на прыгажосць навакольнага асяроддзя, прыроды, што «пераапранулася» ў бліскучы іней, і залюбавацца ёю.