Ужо мінула дваццаць восем гадоў з таго часу, як апошні савецкі салдат пакінуў Дэмакратычную Рэспубліку Афганістан. На тэрыторыі гэтай краіны нашы войскі знаходзіліся дзевяць гадоў адзін месяц і дзевятнаццаць дзён. У многіх удзельнікаў тых даўніх падзей засталася душэўная рана, якая да гэтага часу ные і баліць. Колькі загінула ў афганскай вайне савецкіх юнакоў, зусім яшчэ хлапчукоў! Колькі маці пралівалі слёзы ля цынкавых трун! Усё людское гора заключаецца ў адным кароткім слове – «вайна».
Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў эпізоды афганскай вайны ўзгадвалі ў раённым Цэнтры культуры, дзе арганізавалі для навучэнцаў школ райцэнтра вечар-сустрэчу з удзелам воінаў-афганцаў «У іх жыцці быў Афганістан». Адкрыла мерапрыемства харэаграфічная кампазіцыя «Белы вальс» у выкананні Валянціны Жукавай.
У прывітальным слове ваенны камісар Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў А. М. Савіч разважаў пра мужнасць, адвагу, стойкасць і высакароднасць беларускіх салдат і афіцэраў, якія змагаліся на тэрыторыі суседняй дзяржавы, агучыў некаторыя лічбы:
– У снежні 1979 года для дапамогі дружалюбнай дзяржаве і выканання інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістан увайшлі савецкія войскі, каля 30 тысяч з якіх былі выхадцамі з Беларусі. Звыш 15 тысяч нашых воінаў загінулі на чужой зямлі, 6 тысяч памерлі ад ран і хвароб, 311 чалавек згінулі без вестак. Гэта былі самыя вялікія страты нашай арміі з часоў Вялікай Айчыннай вайны…
Дзень вываду савецкіх войскаў з Афганістана – гэта і свята афганцаў-ветэранаў, і дзень памяці і смутку аб усіх загінуўшых на чужой зямлі воінах-інтэрнацыяналістах. Гэты дзень яшчэ раз нагадвае нам пра горыч і трагедыю любой вайны, бо па вялікім рахунку ў ваенных канфліктах няма пераможцаў і пераможаных.
Сёння ветэранам афганскай вайны ёсць чым ганарыцца і чым падзяліцца з маладым пакаленнем беларусаў. Кожны з іх можа распавесці сваю гісторыю і перадаць моладзі свой баявы і жыццёвы вопыт. Воіны-афганцы і сёння дэманструюць баявую дружбу і на ўласным прыкладзе паказваюць юнакам і дзяўчатам сапраўдную адданасць і вернасць сваёй Айчыне.
Сёння на тэрыторыі нашага раёна пражываюць 35 воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія актыўна працуюць, вядуць работу па патрыятычным выхаванні моладзі. 12 з іх за праяўленыя мужнасць і гераізм пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Са сцэны да будучых абаронцаў Радзімы, што сабраліся ў зале РЦК, звярнуўся В. В. Сафонаў, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане».
Урачыстасці мерапрыемству надало ўзнагароджванне Валерыя Віктаравіча Ганаровай граматай у адпаведнасці з загадам ваеннага камісара Віцебскай вобласці за дасягнутыя поспехі, стараннасць у працоўнай дзейнасці, патрыятычнае выхаванне моладзі, а таксама ў сувязі з 28-годдзем з дня вываду савецкіх войскаў з Рэспублікі Афганістан.
Вечар-сустрэчу працягнуў фільм, заснаваны на рэальных падзеях у Афганістане, які расказаў падрастаючаму пакаленню пра лёсы воінаў-інтэрнацыяналістаў, што сталі правобразамі галоўных герояў мастацкага фільма «9 рота» рэжысёра Фёдара Бандарчука. Музычныя віншаванні для афганцаў падарылі Дар’я Рак, Валянцін Казьміных і Вольга Гарбачэўская, Марыя Сяргеева, Вольга Сергіенка і ансамблевая група народнага аркестра народных інструментаў (кіраўнік Алена Ядрэўская).
…Пройдуць гады і стагоддзі, наступіць такі час, калі на зямлі не будзе войнаў, але заўсёды будуць цаніцца якасці і рысы мужных, адважных, доблесных, рашучых мужчын, бо Афганістан – гэта частка нашай гісторыі. Мне здаецца, што галоўная выснова, якую робіш, размаўляючы з героямі афганскай вайны, – гэта прызнанне высокіх маральных якасцей чалавека ў ваеннай форме, які пастаўлены ў экстрэмальныя баявыя ўмовы, але заўсёды памятае, што ён выконвае загад Радзімы.