Усмешкі і кветкі, хваляванні і віншаванні, гучныя авацыі і ўрачыстасць моманту… Менавіта такімі яркімі і незабыўнымі эмоцыямі запомнілася цырымонія ўшанавання лаўрэатаў звання “Чалавек года Віцебшчыны” за 2016 год. Адбылася яна ў мінулую пятніцу ў абласным цэнтры ў канцэртнай зале “Віцебск”.
Удзел у мерапрыемстве прымалі дэлегацыі з усіх рэгіёнаў Віцебшчыны, у тым ліку і з Бешанковіччыны, а ў іх складзе – лепшыя працаўнікі сельскай гаспадаркі, прамысловасці, малога і сярэдняга бізнесу, сферы абслугоўвання, адукацыі, медыцыны, культуры, сілавых ведамстваў, іншых сфер, тыя, хто ўнёс найбольш важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё паўночнага рэгіёна краіны.
Нагадаем, што парадак прысваення ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны” быў зацверджаны рашэннем абласнога выканаўчага камітэта №893 ад 16 снежня 2009 года. Штогод вызначаюцца 100 лепшых жыхароў вобласці ў 20 намінацыях. За гэты час названы ўжо больш за паўтысячы імён лаўрэатаў. Яшчэ 100 лепшых працаўнікоў прыдзвінскага краю з гарадоў і вёсак заслужылі права насіць ганаровы тытул па выніках работы за 2016-ы год.
Усіх гэтых людзей аб’ядноўваюць высокі прафесіяналізм і бязмежная адданасць сваёй краіне. Гэта заўважыў падчас урачыстай цырымоніі старшыня аблвыканкама М. М. Шарснёў, які ўручыў лаўрэатам дыпломы, нагрудныя знакі і кветкі. Мікалай Мікалаевіч падкрэсліў, што гэтых рупліўцаў адрознівае ўменне думаць наватарскі, спалучаць вопыт і майстэрства з імкненнем пастаянна ўдасканальвацца ў прафесіі.
Падводзячы вынікі мінулага года, кіраўнік паўночнага рэгіёна Беларусі адзначыў, што прадпрыемствы Віцебскай вобласці нарошчваюць аб’ёмы выпуску і рэалізацыі прадукцыі, актыўна зніжаюцца складскія запасы, у тым ліку павялічваюцца аб’ёмы паставак на экспарт. “Вобласць займае лідзіруючае месца ў рэспубліцы па вытворчасці інавацыйнай прадукцыі ў прамысловасці. У сельскай гаспадарцы ўдалося павялічыць вытворчасць малака, аднавіць пагалоўе свіней, павялічыць вытворчасць кармоў у 1,4 разу”, – канстатаваў М. М. Шарснёў. – «У 2017-ым, які праходзіць пад знакам Года навукі, мы разлічваем на значнае павышэнне эфектыўнасці сельгасвытворчасці за кошт далейшага развіцця чатырох буйных інтэграваных фарміраванняў, створаных на базе Віцебскага мясакамбіната, Глыбоцкага камбікормавага завода, Аршанскага і Полацкага камбінатаў хлебапрадуктаў. Ужо зараз імі выраблена больш за 20% абласнога аб’ёму прадукцыі сельскай гаспадаркі. Перад аграпрамысловым комплексам пастаўленыя задачы – развіваць інтэнсіўнае земляробства, павялічыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы і прадуктыўнасць дойнага статка, развіваць мясную жывёлагадоўлю, працягнуць дынаміку росту вытворчасці малака, свініны, птушкі. У росце прадукцыі жывёлагадоўлі заключаецца магутны рэзерв заўтрашняга дня галіны, рэгіёна ў цэлым”, – падкрэсліў старшыня аблвыканкама.
Адказныя і працавітыя людзі – галоўны набытак Бешанковіччыны. Пра гэта сведчыць тое, што сярод лаўрэатаў звання “Чалавек года Віцебшчыны” штогод ёсць нашы землякі. Заслужанае права зрабіць невялікі, але слаўны шлях да месца свайго ўзнагароджвання атрымала ў ліку лепшых прадстаўнікоў АПК вобласці аператар машыннага даення ЗАТ “ААБ-Агра Наватар” Вольга Рыгораўна Варкулевіч.
За значны ўклад у развіццё медыцыны Бешанковіцкага раёна высокага звання ў намінацыі “Ахова здароўя” ўдастоены ўрач-тэрапеўт (загадчык) паліклінікі УЗ “Бешанковіцкая ЦРБ” Васіль Іванавіч Багдановіч, а ў намінацыі “Малы бізнес” разам з іншымі віноўнікамі ўрачыстасці на сцэну канцэртнай залы “Віцебск” узняўся выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара, спецыяліст па развіцці СТАА “НАЦІВІТА” Аляксей Мікалаевіч Сычоў. У іх адрас таксама гучалі словы шчырай падзякі за самаадданую працу.
Завяршылася ўрачыстая цырымонія святочным канцэртам, які падрыхтавалі лепшыя артысты вобласці. Герояў года прыехаў павіншаваць і папулярны спявак Руслан Аляхно.