Close
Курс валют: $ 3.4714 | € 3.6432 | ₽100 3.3774 | 
 Погода в Бешенковичах: 4 °Cпасмурно

С истоков первомайской традиции

Першага мая 1886 года працоўныя Чыкага выйшлі на дэманстрацыю з патрабаваннем 8-гадзіннага рабочага дня і паляпшэння ўмоў жыцця. Дэманстранты былі расстраляны. <P>

Асаблівую актыўнасць праявілі бешанкавіччане ў час правядзення свята Першамаю ў 1920 годзе. Гэта быў працяг рэвалюцыйнай традыцыі.


Першага мая 1886 года працоўныя Чыкага выйшлі на дэманстрацыю з патрабаваннем 8-гадзіннага рабочага дня і паляпшэння ўмоў жыцця. Дэманстранты былі расстраляны. У знак салідарнасці кангрэс 2-га Інтэрнацыянала вынес рашэнне штогод адзначаць гэты дзень.


У 1891 годзе адбылася першая маёўка ў Пецярбургу. У Беларусі ўпершыню адзначылі першамайскае свята працоўныя Мінска ў 1895 годзе. Першыя забастоўкі ў Віцебску прайшлі ў 1897–1898 гадах. Размах барацьбы рабочых мас з года ў год пашыраўся. І ў Бешанковічах толькі за 1895–1900 гады адбыліся чатыры эканамічныя стачкі, у якіх прынялі ўдзел 48 чалавек. Адначасова з эканамічнымі ўсё мацней гучалі і патрабаванні палітычных свабод. З 1901 года бяруць свой пачатак і палітычныя выступленні.


Буйнейшай палітычнай кампаніяй у рабочым руху на Беларусі з’явілася падрыхтоўка і арганізацыя першамайскіх выступленняў. У сярэдзіне красавіка ў шэрагу гарадоў і мястэчак Віцебскай губерні шырока распаўсюджваўся агульнапартыйны зварот «Да ўсіх рабочых і работніц Расіі!», падрыхтаваны рэдакцыяй газеты «Искра». У адказ на яго былі праведзены шматлікія маёўкі і маніфестацыі рабочых ва ўсіх кутках Расіі і Беларусі, у тым ліку ў мястэчках Бешанковічы і Ула.


Папярэджваючы хвалю першамайскіх дэманстрацый, рэакцыя ў канцы красавіка 1903 года арганізавала пагром яўрэйскіх лавак і дамоў. Папаўзлі трывожныя чуткі аб маючых адбыцца пагромах і ў прыдзвінскіх мястэчках. У сувязі з гэтым у шэрагу месцаў Беларусі, у тым ліку ў Бешанковічах і Уле, адбыліся сходы рабочых, на якіх абмяркоўваліся пытанні арганізацыі баявых дружын для адпору пагромшчыкам.


Бальшавіцкія арганізацыі Віцебскай губерні, у тым ліку і Лепельскага павета, ва ўмовах разгулу рэакцыі не склалі зброю. Вясной 1906 года яны значна актывізавалі агітацыйна-прапагандысцкую работу сярод насельніцтва. Напярэдадні 1 Мая бальшавікі распаўсюджвалі ў павеце пракламацыі, лістоўкі і адозвы РСДРП, якія заклікалі працоўных прыняць актыўны ўдзел у святкаванні.


У ноч на 1 Мая, як паведамляў Лепельскі павятовы спраўнік віцебскаму губернатару, у многіх месцах павета выяўлены першамайскія лістоўкі і адозвы сацыял-дэмакратаў. У адной з іх, знойдзенай у Бешанковічах, гаварылася: «Узыдзе сонца ў дзень 1 Мая і асвеціць яно пакуты паднявольнага народа, які стаміўся ад непатрэбнай яму вайны…».


12 сакавіка 1920 года ў тэлеграме ЦК РКП(б) Віцебскаму губернскаму камітэту партыі гаварылася, што «ў сувязі з выданнем дэкрэта аб усеагульнай працоўнай павіннасці, ЦК камуністаў пастанавіў паўсямесна правесці агітацыйную кампанію пад назвай «Тыдзень працоўнага фронту», растлумачыць масам мэты і задачы гэтага «тыдня».


Арганізавана, з вялікім уздымам «Тыдзень працоўнага фронту» прайшоў на Прыдзвінні. 15 мая 1920 года лепельскі павятовы ваенна-рэвалюцыйны камітэт паведаміў, што, «нягледзячы на непасільную задачу, у сувязі з малой колькасцю членаў партыі і загружанасцю работай ва ўстановах актыўных супрацоўнікаў, таварышы былі разасланы па валасцях, дзе і праводзілі «Тыдзень працоўнага фронту», арганізоўвалі ячэйкі». У той час у павеце былі толькі чатыры партыйныя ячэйкі пры павятовай і раённай міліцыях, а таксама тры ячэйкі Саюза Камуністычнай Моладзі ў Чашніках, Уле і Бешанковічах, кожная з якіх налічвала ў сярэднім па 20 чалавек.


У паведамленні ваенна-рэвалюцыйнага камітэта гаварылася далей, што «Бешанковіцкім Саюзам Камуністычнай Моладзі напярэдадні свята Першамаю адкрыты клуб, адпраўлены дэлегаты ў губерню для набыцця патрэбнай літаратуры». На апошнім чарговым сходзе камуністаў і спачуваючых мястэчка Бешанковічы была прынята пастанова. У ёй адзначалася: «Прапанаваць працаваць у больш цесным кантакце, як да гэтага часу, з воінскімі часцямі. Часцей наладжваць мітынгі, на агульных сходах кожнаму супрацоўніку рэўкома рабіць даклады з месцаў».


За час «Тыдня працоўнага фронту» ў павеце было апрацавана больш за 200 дзесяцін зямлі сем’яў чырвонаармейцаў і гаспадарак, у якіх не было коней. Наладжваліся мітынгі. Завяршыўся «Тыдзень працоўнага фронту» рэвалюцыйным святам Першамаю.


У справаздачах аб «Тыдні працоўнага фронту» паведамлялася, што ва ўсіх валасцях «…ішла апрацоўка зямлі, рамонт мастоў і прасёлачных дарог. У мястэчку Бачэйкава, напрыклад, была ўзведзена агароджа вакол брацкіх могілак чырвонаармейцаў. У мястэчку Бешанковічы свята Першамаю адзначана ўдзелам у «Тыдні працоўнага фронту» 1100 дарослых і 300 навучэнцаў мясцовых школ.


На былой гандлёвай плошчы ў Бешанковічах адкрыты Першамайскі дзіцячы сад, дзе пасаджана каля дзвюх соцень дрэў, вакол яго ўзведзена агароджа даўжынёй 150 сажняў. І яшчэ шмат добрых спраў было на рахунку жыхароў мястэчка. Адрамантавана, напрыклад, Міхайлаўская вуліца, на прамысловы агарод вывезена і раскідана 200 вазоў гною. Група местачкоўцаў працавала ў лесе, дзе было нарыхтавана тры кубічных сажні дроў, убрана ад сучча і ламачча пяць дзесяцін лесасек. На лесапільным заводзе распілена амаль 300 сажняў дошак, на прыстані загружана баржа 1200 пудамі льнянога семя. Пасля работы адбыліся тры канцэрты-мітынгі для дзяцей, чырвонаармейцаў і іншых грамадзян…».


Анатоль КРАЧКОЎСКІ, краязнаўца.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Leave a comment
scroll to top