Close
Курс валют: $ 3.4714 | € 3.6432 | ₽100 3.3774 | 
 Погода в Бешенковичах: -2 °Cнебольшой снег

Работа старейшины в Бешенковичском районе — помогать людям

Яна чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, добразычлівая, ветлівая, жыццярадасная, ведае кожнага жыхара.

Родны край – райскі куток. Прыгажэй за яго няма нічога. І справа тут не толькі ў асаблівасцях прыроды. Шмат у чым гэта прыгажосць залежыць ад жыхароў. Каардынуючым звяном у працэсе добраўпарадкавання, а таксама іншых жыццязначных пытаннях, па меркаванню дэпутата па Камсамольскай выбарчай акрузе №3, старэйшыны вёскі Малы Двор Святланы Уладзіміраўны Шаўковіч, з’яўляецца менавіта сельсавет. Каб жыць у прыгожым месцы, трэба прыкласці шмат намаганняў усім: і мясцовай уладзе, і жыхарам.


Святлана Уладзіміраўна ўпэўнена, што яе праца заключаецца ў тым, каб дапамагаць людзям, якія жывуць побач, і не па доўгу службы, а ад усяго сэрца стараецца дапамагчы вяскоўцам.


– Жыццё не стаіць на месцы, кожны дзень вылучае новыя задачы, узнікаюць новыя праблемы. Аднак усё можна вырашыць, няхай і не адразу, – кажа Святлана Уладзіміраўна. – Вельмі важна, каб вакол усё станавілася прыгожым і лепшым, каб усе мы, на працы ці дома, імкнуліся да гэтага.


Яна чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, добразычлівая, ветлівая, жыццярадасная, ведае кожнага жыхара. Нягледзячы на тое, што малая радзіма жанчыны – Рыга, да бешанковіцкага краю яна даўно прыкіпела душой і з задавальненнем падзялілася гісторыяй свайго жыцця.


– Радзіма маці – Гомельшчына, а бацькі – Гарадоцкі раён, – расказвае жанчына. – Яго маці разам з іншымі жыхарамі спалілі фашысты за сувязь з партызанамі, таму выхоўваўся ён у дзіцячым доме. Там упершыню і сустрэліся з маёй матуляй. Бліжэй пазнаёміліся ў Рызе, дзе і стварылі сям’ю. Там жа нарадзіліся я і малодшы брат. Давялося і мне павандраваць, бо замуж выйшла за ваеннага. Каля сямі гадоў мы жылі ў Эстоніі, потым пераехалі на Бешанковіччыну. Завочна скончыла філалагічны факультэт ВДУ імя П. М. Машэрава і стала выкладаць рускую мову і літаратуру. Акрамя таго я настаўнік-дэфектолаг. Працую ў Ржаўскай і Астровенскай дзіцячых садах-СШ. Мне падабаецца, бо вельмі люблю дзяцей, у самой – двое сыноў, праўда, яны ўжо дарослыя.


Святлана Уладзіміраўна любіць і паважае працу, а яшчэ зямлю. Гаспадарская жылка патрабуе, каб яна была дагледжаная. Любіць вырошчваць кветкі. Дома іх заўсёды шмат. Вязанне – таксама яе стыхія, як і актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці (спевы, сцэнкі ў Астровенскім СДК). Па жыцці аптыміст, сумаваць не любіць, таму і не дзіва, што дэвіз яе – быць чалавекам добрым, спагадлівым, высакародным, з вялікім сэрцам.


– Галоўнае (я і дзецям заўсёды кажу) – ісці на працу з добрым настроем, прафесію выбіраць тую, да якой ляжыць душа, – адзначыла Святлана Уладзіміраўна. – Сумленнасць, прынцыповасць, прыстойнасць … Важныя лідарскія задаткі ў характары і, вядома, імкненне зрабіць для людзей і тых месцаў, дзе яны жывуць, як мага больш добрага.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Leave a comment
scroll to top